У першай дэкадзе лістапада пацяплее, тэмпература паветра будзе падымацца да 16 градусаў цяпла, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
А як было страшна, калі на гэтым тыдні ўварванне арктычнага паветра істотна панізіла тэмпературны рэжым. Няўжо зіма прыйшла? Не, пакуль не. Ужо на гэтыя выхадныя атлантычныя паветраныя масы выцесняць халоднае паветра, і ў пачатку наступнага тыдня чакаецца цёплае надвор'е з кароткачасовымі дажджамі.
Пасля халоднага чацвярга, адпускаць пачне ўжо ў суботу. У гэты дзень надвор'е будзе ў асноўным вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Будзе пераважна без ападкаў, толькі ўначы ў асобных раёнах Віцебскай вобласці, а ўдзень месцамі па захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы і раніцай месцамі чакаюцца слабыя туман і галалёд. У дзённыя гадзіны ў асобных раёнах краіны магчымы парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 градусаў да 2 цяпла, пры праясненнях панізіцца да 7 марозу. Удзень будзе 1—7 градусаў вышэй за нуль, а па паўднёвым захадзе краіны — да плюс 10 градусаў.
Істотна пацяплее ўжо ў нядзелю. Надвор'ем будзе кіраваць франтальны раздзел, які ссоўваецца з боку Заходняй Еўропы, за ім пачне распаўсюджвацца цёплая паветраная маса. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, уначы па ўсходзе чакаецца мокры снег, слабы галалёд. Уначы і раніцай месцамі захаваецца парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да плюс 6 градусаў, па ўсходзе пры праясненнях панізіцца да мінус 2 градусаў. Удзень будзе 6—12 цяпла, па паўднёвым захадзе паветра прагрэецца да плюс 13—15 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв'ю: hsmedia.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nadvore