Выстава жывапісу і графікі "Месяц Ай" Алега Прусава працуе ў Гомелі ў карціннай галерэі Г.Х.Вашчанкі, піша [1] БЕЛТА са спасылкай на дзяржаўную ўстанову.
На вернісажы наведвальнікі галерэі азнаёмяцца з 70 работамі мастака. Гледачам прапануюць прагуляцца таямнічымі лабірынтамі душы творцы, прыадкрыць заслону перажыванняў яго герояў.
"Месяц Ай" - незавершаная справа таленавітага віцебскага мастака Алега Прусава, які пражыў усяго 26 гадоў, але пакінуў пасля сябе вялікую творчую спадчыну. "У работах Алега няма ідэальных ліній і персанажаў. Але ёсць жыццё, з усімі яго рознымі бакамі, заганамі і чорна-белымі палосамі. У карцінах няма ніводнай выпадковай дзеючай асобы або непрадуманых штрыхоў. Выключную каштоўнасць мае кожная дэталь, - расказалі арганізатары выставы. - Творчасць мастака - гэта нешта інтэлектуальнае, складанае і канцэптуальнае, таму наведвальнікаў просяць быць гатовымі многа думаць".
Менавіта ў Гомелі арганізатары прадставілі тры работы мастака, месцазнаходжанне якіх было ўстаноўлена зусім нядаўна. Размова ідзе пра такія творы, як "Утаймавальніца пчол" (1994), "Белы нацюрморт" (1992 год) і інш.
Алег Прусаў (1970-1996) - мастак, аўтар каля 200 жывапісных і графічных твораў, тонкі паэт, энцыклапедычна адукаваны чалавек, знаток сусветнай гісторыі мастацтваў, літаратуры, філасофіі і тэалогіі. Яго работы знаходзяцца ў галерэях і прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Даніі, Швецыі, Германіі, Нідэрландах. Пры жыцці Алега Прусава творчым саюзам "Убікус" (які ён стварыў сумесна з Віктарам Ласьмінскім) за няпоўныя 6 гадоў было праведзена 13 выстаў у гарадах Беларусі, а таксама ў Расіі, Нідэрландах. Нягледзячы на надыходзячую слепату, мастак прадаўжаў працаваць да апошніх дзён жыцця. Апошні праект "Месяц Ай" творчага саюза так і не адбыўся з-за смерці мастака.
"Месяц Ай" прадоўжыцца ў Гомелі па 1 снежня.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/mesjats-aj-pryjdze-u-gomel-82432-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/vystava
[3] https://zviazda.by/be/tags/mastak
[4] https://zviazda.by/be/tags/gomel
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyyaulenchae-mastactva
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhyvapis