Ён арыентаваны на школьнікаў з мэтай папулярызацыі навукі сярод моладзі, а таксама дзейнасці маладых вучоных БДУ.
Як распавялі ў прэс-службе ВНУ, кожны выпуск будзе прысвечаны адной з навуковых сфер, ахопліваючы гуманітарныя і прыродазнаўчыя дысцыпліны. Героямі сюжэтаў стануць таленавітыя дзеці і маладыя вучоныя БДУ, якія спецыялізуюцца на канкрэтным прадмеце. Галоўнай умовай адбору з'яўляюцца поспехі школьнікаў і актыўная навуковая дзейнасць супрацоўнікаў універсітэта.
Канцэпцыя праекта пабудавана на знаёмстве з прафесійнай работай, вучобай, захапленнях удзельнікаў і іх інтэлектуальным проціборстве. Падчас баталій героям трэба будзе прадэманстраваць не толькі веды, але і паказаць кемлівасць і нестандартнасць рашэння прапанаванага задання. Дарэчы, хімікі правядуць вопыт з закрытымі вачыма, матэматыкі адлюструюць геаметрычныя фігуры, а біёлагі прапануюць сваё бачанне праходжання фотасінтэзу.
Пераможцу ў гэтым спаборніцтве вызначыць глядач шляхам адкрытага галасавання ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” [1] .
Унікальнасць праекта заключаецца ў аўтарскім складзе. Ініцыятыва, канцэпцыя і рэалізацыя праекта цалкам належаць студэнтам БДУ -- трэццякурснікам факультэта журналістыкі Ганне Гукіш і Дар'і Куксе. Кіраўніком праектнага маладзёжнага калектыву выступіла загадчыца кафедры тэлебачання і радыёвяшчання Алеся Кузьмінава.
Тэматычная рубрыка будзе выходзіць штотыдзень на тэлеканале “Беларусь-2” па серадах у 15.45 у рамках інтэрактыўнай маладзёжнай праграмы “Пин_код”.
Гэты праект стаў адным з першых сумесных мерапрыемстваў, што рэалізуюцца ў рамках дзеючага філіяла кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі БДУ на базе Белтэлерадыёкампаніі. Адпаведны дагавор быў падпісаны ў красавіку. Адным з напрамкаў работы філіяла з'яўляецца сумесная падрыхтоўка будучых журналістаў і ўзмацненне практычнай накіраванасці навучання спецыялістаў у галіне тэле- і радыёжурналістыкі.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://vk.com/pincode_b2
[2] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[3] https://zviazda.by/be/tags/belteleradyyokampaniya
[4] https://zviazda.by/be/tags/praekt