Дарыце дзецям сваю прысутнасць. Яна значна важнейшая за любыя падарункі. Гэтае выслоўе ці не найбольш поўна раскрывае сэнс таго, як трэба выхоўваць сваіх дзяцей. Не толькі ўласным прыкладам і жыццёвым вопытам, а проста бавячы з імі час, ведаючы іх патрэбы, жаданні, настрой. Свядомыя бацькі, як цяпер кажуць, разумеюць гэта, а найбольш актыўныя стараюцца данесці да іншых. Як, напрыклад, члены арганізацыі «Савет бацькаў». Яе ўдзельнікі — таты, якія праз уласныя думкі, погляды, а недзе і памылкі прыйшлі да высновы, што бацька неабходны ў жыцці дзіцяці заўжды і ў розных іпастасях. Паразважаць над гэтым бацькі сабраліся за круглым сталом.
Таварыства «Савет бацькаў» зарэгістравана гэтым летам і налічвае каля 25 чалавек. Дагэтуль яго актыўныя члены працавалі ў розных фарматах. Старшыня праўлення грамадскай арганізацыі «Савет бацькаў» Аляксандр ВЯЛІЧКА па сумяшчальніцтве яшчэ і дырэктар сацыяльна-асветніцкай установы «Бацькоўства». Кірыл БУДКЕВІЧ, псіхолаг, член праўлення «Савета бацькаў», яшчэ і заснавальнік сямейнага цэнтра «Тата можа». Каб далучыцца да арганізацыі, трэба быць татам або хацець стаць ім, запэўніваюць удзельнікі савета.
Увогуле ў Беларусі не так шмат бацькоўскіх арганізацый. У большай ступені гэта ўсё адно праекты, абмежаваныя ў часе, лічаць удзельнікі арганізацыі. Таму і вырашылі аб'яднаць намаганні на агульнай платформе бацькоўства, выступаючы за сям'ю і дзяцей і не супраць кагосьці.
— У бацькі існуюць як мінімум чатыры галоўныя кампетэнцыі: забеспячэнне бяспекі, надзяленне ідэнтычнасцю, устанаўленне параметраў і крытэрыяў улады і ўмацаванне патэнцыялу. Таму ўцягнутасць бацькі ў жыццё дзіцяці вельмі важная для яго фізічнага росту і разумовага развіцця, — кажа Аляксандр Вялічка. — Пры гэтым яшчэ чатыры гады таму ў Беларусі індэкс уцягнутасці бацькі ў жыццё дзяцей складаў усяго чатыры працэнты. Гаворка ідзе пра актыўны час, які бацька праводзіць з малым. Гэтая сітуацыя стварае такое паняцце, як «сацыяльная безбацькоўшчына», калі тата дэ-юрэ ёсць, а дэ-факта — не. І ў нас яшчэ не самае горшае становішча, калі параўноўваць з іншымі краінамі. У той жа Малдове, напрыклад, індэкс каля 1,5 %, пры гэтым 60 % татаў і 40 % мам знаходзяцца за мяжой на заробках. У Рызе паказчык лепшы, чым у нас, можа, на 0,5 %.
Увогуле, чым далей на Усход, тым вышэйшы працэнт уцягнутасці бацькаў у выхаванне, аднак ён усё роўна не перавышае 15 %, як, напрыклад, у Казахстане. Прытым гэта не значыць, што па якасці ўцягнутасці гэты паказчык такі ж добры. «Там іншая парадыгма адносін: і насілле ў сям'і вышэйшае, і дзейнічае прынцып «б'е, значыць, любіць», — удакладняе старшыня.
Пераадолець бар'ер гэтых лічбаў, заахвоціць бацькаў да актыўных стасункаў з уласнымі дзецьмі і збіраецца ажыццявіць «Савет бацькаў».
— Мы распрацавалі стратэгію «О4». Гэта як цвёрдая формула кіслароду. Яна ўключае ў сябе «ответственное, осмысленное осознанное отцовство», — падкрэсліў Аляксандр Вялічка.
Як кажуць тут, аб'яднанне ў савет бацькаў працуе па формуле 1 + 1 = 11: намаганні далучаюцца адно да аднаго і множацца.
Свядомыя бацькі, удзельнікі арганізацыі ладзяць і плануюць мноства мерапрыемстваў. Яны праводзяць курсы бацькоўства, арганізуюць групы падтрымкі татаў, семінары, трэнінгі, круглыя сталы.
— Пасля яны падыходзяць і пытаюцца: а што далей? Многія проста пераасэнсоўваюць сваё стаўленне да сям'і і гатовы несці далей гэтыя памкненні, арганізоўваючы нешта сваё на базе школ, напрыклад. І ў нашага савета як арганізацыі цяпер больш шанцаў дапамагчы гэтым ініцыятывам развівацца, — кажа Аляксандр Вялічка. — У Лошыцы ёсць, напрыклад, закінуты сад, некалькі бацькаў хочуць гэтае месца акультурыць, і мы з радасцю дапаможам. Мы за любую ініцыятыву, скіраваную на сям'ю.
Сумесна з упраўленнем па ахове здароўя Мінгарвыканкама ў жаночых кансультацыях распачалі семінары для татаў і мам. «Як нарадзіць генія» — гэта курсы па выхаванні яшчэ да з'яўлення дзіцяці на свет, падчас якіх, напрыклад, на сустрэчы запрашаюць педагога па вакале, каб вучыць бацькоў калыханкам.
Забаўляльная праграма з конкурсаў ды канцэртаў сёлета, як мяркуецца, увасобіцца ў «Фестываль бацькоўства», які ўжо ўключылі ў план гарадскіх мерапрыемстваў да Дня таты, што святкуецца ў трэцюю нядзелю чэрвеня. Мерапрыемства, думаюць бацькі, працягнецца два дні — 20 і 21 чэрвеня — і будзе насычана музыкай, спортам і грамадскімі ініцыятывамі.
Пра спорт, дарэчы, тут не забываюцца — арганізуюць валейбольныя турніры. Летась у іх ўдзельнічалі 38 камандаў, з якіх больш за палову падлеткавыя. Замахваюцца і на шахматны біятлон, і на велапрагулкі.
— Спорт — адна з тых сфер, дзе мужчына-бацька можа стаць настаўнікам. Тая сфера, куды ён можа ўцягнуць дзяцей. Гэта вельмі збліжае, — ведае Аляксандр ПРУДНІКАЎ, лінгвіст, член праўлення «Савета бацькаў». — Два гады ўжо адбываюцца валейбольныя турніры для падлеткавых дваровых камандаў. У іх бяруць удзел і каманды бацькаў. Сёлета вырашылі распачаць таксама футбольны турнір у фармаце «восем на восем». Жараб'ёўка адбудзецца ў снежні, а з канца сакавіка пачнём гульні. Разлічваем на 32 каманды, ужо ёсць ахвотныя з Віцебскай і Гомельскай абласцей.
Каб грамадства было здаровае, трэба свае амбіцыі адсоўваць убок. Пакуль дарослыя высвятляюць, ці добра яны ўплываюць на дзяцей і як гэта лепш рабіць, малыя проста вырастаюць з дапамогай сродкаў камунікацыі, лічыць Анатоль ШЫРВЕЛЬ, блогер, член праўлення «Савета бацькаў»:
— Калі дзіцячае выхаванне пусціць на самацёк, вырастае нешта, з чаго мы потым здзіўляемся: адкуль яно ўзялося? А праблема ў тым, што мы ў свой час ніяк не адрэагавалі. Выхаванне — гэта працэс, які адбудзецца з намі ці без нас. І мы выбіраем першы варыянт.
Сучасныя бацькі апынуліся на задворках выхавання ўласных дзяцей. Яны або самі трапілі туды, або іх устаранілі ад выхавання матулі. А на долю бацькі застаецца роля здабытчыка грошай, мяркуе Кірыл Будкевіч:
— Уласным вопытам мы паказваем, што гэта не так. Што ўцягнуты ў стасункі з дзецьмі тата — гэта здорава, гэта эмацыянальная падтрымка і для яго, і для дзіцяці, і для мамы. Гэта залог сямейнага дабрабыту, бо калі бацька ўдзяляў час сям'і, тут ёсць і шчасце, і любоў, і здароўе — усё, што трэба для гарманічнага развіцця сям'і. Бацькоўства дапамагае максімальна раскрыцца мужчыну з вялікай літары «М» і стаць цэльнай асобай. Мы працуем над тым, каб такіх станавілася ўсё больш.
Быць бацькам не цяжка, упэўнены таты. Тры абдымкі ў дзень даюць малому зразумець, што сусвет ставіцца да яго прыхільна. Калі тата хоць паўгадзіны ў дзень праводзіць з дзіцем, гэта ўжо добра.
— На кожным этапе ўплыў бацькі на дзіця прыводзіць да пэўных наступстваў, ён увесь час патрэбны, — упэўнены Анатоль Шырвель, які ў свой час 28 сутак у месяц мог правесці ў камандзіроўках і практычна не бачыў, як раслі яго першыя дзеці. А іх у блогера шэсць, і цяпер ён ведае цану бацькоўскаму шчасцю.
Бацька можа знаходзіць час, каб удзяляць увагу дзіцяці, упэўнены і Аляксандр ПАТЛІС, спявак, які нядаўна з жонкай падлічыў, што на світанку бацькоўства яго не было дома гадоў пяць-шэсць.
— Я быў тады ў складзе групы «Новы Іерусалім», і мы шмат ездзілі на гастролі, камандзіроўкі цягнуліся па некалькі месяцаў. 180 дзён у год мяне не было дома, — успамінае спявак. — Калі з'явіўся Ляон, я вырашыў, што гастрольны графік не будзе цягнуцца больш за паўтара-два тыдні. Сыну неабходна больш увагі.
Аляксандр Патліс стараецца ў тым ліку браць хлопчыка, якому нядаўна споўнілася сем, з сабой:
— Каб ён прывыкаў да майго свету, уваходзіў у кола маіх сяброў, у мужчынскі свет. На падсвядомасці, упэўнены, гэта будзе ў яго адкладацца. А яшчэ мой сын чакае пятніцы, калі спіць у адным пакоі са мной, і гэта азначае, што можна да ночы глядзець мульцікі.
Закранулі і праблему стаўлення грамадства да шматдзетных сем'яў. У прыватнасці, аказанне падтрымкі, якая, на думку Анатоля Шырвеля, павінна быць адраснай і адпавядаць канкрэтным патрэбам і сітуацыі ў сям'і. Нельга кіравацца выключна прынцыпам «у цябе трое, значыць, неабходна дапамога».
— Тое, што сапраўды трэба шматдзетным, — больш здаровая рэакцыя грамадства. Вялікія сем'і не прэтэндуюць на чыесьці матэрыяльныя даброты, большасць самі ў стане справіцца з выхаваннем і ўтрыманнем сваіх дзяцей, — запэўнівае ён. — Самая добрая дзяржаўная падтрымка ў гэтым плане — працаваць над тым, каб таты і мамы маглі нармальна зарабляць. Здаровая эканоміка — самая класная падтрымка шматдзетных.
Савет бацькаў звярнуў увагу і на тое, што неабходна ўсім пазбаўляцца ад стэрэатыпу: маўляў, шматдзетная сям'я — гэта адразу дрэннае становішча і нястача. А яшчэ згадалі асабістае.
Заснавальнік і дырэктар школы польскай мовы Аляксандр Пруднікаў страціў бацьку, калі хлопцу споўнілася 15, але і да гэтага адносіны паміж імі былі не самыя лепшыя:
— Я не меў прыкладу добрага бацькоўства. І цяпер, калі на нешта негатыўна рэагую, разумею, што паводжу сябе, як мой тата. Бацька павінен ствараць у сям'і атмасферу бяспекі і ўпэўненасці. У сябе ў школе я адразу бачу па вучнях, хто з няпоўнай сям'і, бо адсутнасць бацькі адбіваецца на дзецях. Раней я прападаў на рабоце з 8 раніцы да 10 вечара, аднак калі мы з жонкай даведаліся, што ў нас будзе сын, зразумеў, што не буду бачыць яго пры такім рэжыме. І прыблізна з год таму перайшоў на іншы графік — працую толькі да 7 вечара. Сын заўжды прыходзіць абдымацца, калі я вяртаюся дадому. А калі затрымліваюся ў школе, жонка дасылае відэа, як малы падыходзіць да дзвярэй і грукае па іх, нібыта пытаючыся, дзе тата.
Напэўна, аднойчы настае час, калі табе самому становіцца прыкра, што цябе мала са сваімі дзецьмі, і ты пачынаеш мяняць сваё жыццё пад іх, разважае Анатоль Шырвель:
— Думаю, галоўны крытэрый паспяховасці цябе як бацькі — гэта калі дзеці нешта ўчынілі, але іх не пужае, што пра гэта даведаюцца мама і тата, якім паведамяць, выклічуць у школу. Калі дзіця, трапіўшы ў складаную сітуацыю, само скажа: пазваніце майму тату, ён дапаможа, — гэта і ёсць поўны давер і паразуменне.
Кранальныя гісторыі, простыя ўчынкі, шчырыя словы. І, здаецца, шчырае жаданне гэтых мужчын змяніць стаўленне да татаў і іх саміх, абапіраючыся на ўласныя памылкі. Расказаць мужчынам, як проста быць татам.
Галоўнае, каб гэта здарылася тады, калі дзіця яшчэ мае ў табе патрэбу.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/backa
[6] https://zviazda.by/be/tags/backoustva
[7] https://zviazda.by/be/tags/festyval-tatau