Анлайн-галасаванне на афіцыйным сайце дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне" стартуе 22 лістапада, паведаміла [1] БЕЛТА кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская.
"У адпаведнасці з правіламі міжнароднага конкурсу, беларусы змогуць падтрымаць прадстаўніка краіны на міжнародным форуме Лізавету Міснікаву, прагаласаваўшы за кампазіцыю "Пепельный" у інтэрнэце. На афіцыйным сайце [2] конкурсу ўжо даступна інфармацыя, што анлайн-галасаванне стартуе ў пятніцу, 22 лістапада. Пачынаючы з гэтага дня, прагледзеўшы відэаролікі з выступленнямі канкурсантаў, можна будзе выбраць ад трох да пяці артыстаў, якія спадабаліся, у тым ліку ўдзельніка ад сваёй краіны. Акно для галасавання закрыецца непасрэдна перад канцэртам у нядзелю, 24 лістапада, і зноў адкрыецца, калі ўсе песні будуць выкананы, але толькі на 10 мінут", - расказала Святлана Смалонская-Краскоўская.
Графік падрыхтоўкі Лізаветы Міснікавай да дзіцячага "Еўрабачання-2019" насычаны. Юная выканаўца займаецца вакалам, харэаграфіяй, сустракаецца са стылістамі, дае інтэрв'ю. У час рэпетыцый беларуская канкурсантка развівае дыханне, каб з лёгкасцю пераходзіць з нізкіх нот на высокія і назад і пры гэтым адначасова танцаваць. "У яе хіце цяпер 40 працэнтаў англійскіх слоў ад агульнага тэксту. Таксама новая аранжыроўка кампазіцыі", - адзначыла кіраўнік прэс-службы.
У Белтэлерадыёкампаніі адбылася сустрэча творчай каманды Лізаветы Міснікавай з прафесійнымі стылістамі. Яны абмеркавалі сцэнічныя вобразы юнай выканаўцы і балета, які будзе выступаць з ёй на гала-канцэрце.
Што датычыцца балета беларускай удзельніцы, то цяпер разам з ёй на сцэне будуць выступаць чацвёра хлопцаў. "Усе яны прадстаўнікі сучаснай моладзі, пазіцыянуюць сябе як прыхільнікі вулічнага стылю. Мы падрыхтавалі некалькі эскізаў вобразаў, у якіх хлопцы выйдуць на сцэну, але сышліся на тым, што гэта будзе Sport Luxe. У касцюмах плануем выкарыстоўваць эластычныя тканіны і неапрэнавыя сеткі для лёгкасці рухаў", - адзначыла стыліст Жанна Лявонава. Дарэчы, папярэднія гады яна працавала з такімі прадстаўнікамі Беларусі на конкурсе, як Надзея Місякова, Руслан Асланаў, Аляксандр Мінёнак і Хелена Мерааі.
Дзіцячае "Еўрабачанне-2019" пройдзе 24 лістапада ў польскім горадзе Глівіцы. Прадстаўніца Беларусі выканае кампазіцыю "Пепельный".
Усе правы, што адносяцца да правядзення адбору, належаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі як адзінаму ў краіне члену Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Па традыцыі прамую трансляцыю фінальнага канцэрта будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы "Беларусь 24", а таксама афіцыйны сайт медыяхолдынга tvr.by [3].
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/anlajn-galasavanne-na-sajtse-dzitsjachaga-eurabachannja-startue-22-listapada-82232-2019/
[2] https://junioreurovision.tv/
[3] https://www.tvr.by/
[4] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[6] https://zviazda.by/be/tags/pesni
[7] https://zviazda.by/be/tags/belteleradyyokampaniya
[8] https://zviazda.by/be/tags/eurabachanne-1
[9] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachae-eurabachanne-0