Адлегласць у тры тысячы метраў да моманту адкрыцця парашута спартсмен пралятае за хвіліну, а сярэдняя хуткасць свабоднага падзення чалавека, які выскачыў з самалёта — 180 км/г. Гэтыя лічбы наводзяць страх? Дарма... Парашутызм лічыцца адным з самых бяспечных відаў экстрэмальнага спорту, зафіксаваная колькасць скачкоў са смяротным зыходам складае ўсяго 0,025 %, гэта значыць 2,5 выпадка на 100 тысяч скачкоў.
Беларускія спартсмены сёння ў ліку найлепшых у спаборніцтвах па класічным парашутызме, нашы суайчыннікі ў гэтым кірунку парашутнага спорту выйгравалі чэмпіянаты свету, станавіліся прызёрамі этапаў Кубка свету і займалі самыя высокія месцы на чэмпіянаце свету сярод ваеннаслужачых, які лічыцца адным з самых моцных турніраў. Па заканчэнні парашутнага сезона ў Беларусі пра тонкасці, небяспекі і экстрэмальныя выпадкі ў парашутызме расказала пераможца этапаў Кубка свету 2018 і 2019 гадоў у жаночым камандным заліку Аляксандра Садоўнікава.
Парашутызм не памірае
У Беларусі сёння развіты адзін з кірункаў парашутнага спорту — класічны парашутызм, яго моцная школа засталася яшчэ з часоў Савецкага Саюза. Класічны парашутызм складаецца з дзвюх дысцыплін — дакладнасць прызямлення (парашутыст выскоквае з тысячы метраў, практычна адразу адкрывае парашут, галоўная задача прызямліцца на мату, на якой знаходзіцца датчык і трапіць у яго пяткай) і індывідуальная акрабатыка (скачкі з 2200 м, парашутыст павінен разагнацца, сабрацца ў максімальна шчыльную групіроўку і скруціць комплекс з фігур (чатыры спіралі, два сальта). Усё гэта здымаецца аператарам на відэакамеру з зямлі, потым ацэньваецца суддзямі.
— Па дакладнасці прызямлення беларуская каманда заўсёды прывозіць медалі з Кубкаў свету, чэмпіянатаў свету і Еўропы, спаборніцтваў ваеннаслужачых, — расказвае Аляксандра. — На жаль, больш сучасныя дысцыпліны ў Беларусі пакуль не развітыя, але ўжо ёсць перадумовы да іх развіцця. Каб займацца фрыфлайінгам або фрыстайлам патрэбны добры самалёт і вялікая вышыня, скачкі павінны быць не ніжэй за 4000—4200 м, у нас, на жаль, такі самалёт з'явіўся толькі нядаўна, пакуль яго не даюць для спартыўных скачкоў.
У Беларусі рэгулярна праводзяцца чэмпіянаты краіны па парашутным спорце, чэмпіянаты Узброеных Сіл і парашутна-атлетычнае мнагабор'е (скачкі з парашутам, бег і плаванне). З сусветных турніраў самымі прэстыжнымі традыцыйна з'яўляюцца чэмпіянаты свету і Еўропы, а таксама чэмпіянат свету сярод вайскоўцаў. Аляксандра пакуль не трапляла на гэтыя турніры, але ўдзельнічала ў Кубках свету, летась і сёлета Саша атрымала перамогу ў жаночым камандным заліку.
— Каб стабільна трапляць у склад нацыянальнай каманды, трэба паказваць вельмі добрыя вынікі ў абедзвюх дысцыплінах, а ў мяне пакуль «кульгае» акрабатыка. Для яе трэба шмат скачкоў, плюс добры трэнер і вельмі шмат заняткаў на зямлі, — тлумачыць дзяўчына.
Галоўнымі канкурэнтамі для беларусаў у класічным парашутызме сёння з'яўляюцца кітайцы, расіяне, чэхі, італьянцы і немцы.
— У нашым відзе спорту каля дзесяці краін стабільна паказваюць вельмі добрыя вынікі, паміж якімі пастаянна ідзе барацьба, вынікі бываюць досыць нечаканыя, — расказвае спартсменка. — На самай справе, парашутны спорт цяпер вельмі папулярны ў свеце, напрыклад, на Кубку свету ў Італіі было 40 камандаў, па пяць чалавек у кожнай. Калі я пачынала скакаць, восем гадоў таму, усе казалі, што класічны парашутызм памірае, а цяпер я бачу, што з'яўляюцца маладыя спартсмены, юніёры, становіцца больш спаборніцтваў, з'яўляюцца спонсары.
«У мяне 1400 скачкоў, лічыцца, гэта мала»
Як правіла, актыўны трэніровачны сезон парашутысты пачынаюць у красавіку, а зборы — у пачатку мая. Скачуць спартсмены аж да кастрычніка—лістапада, але гэты год з-за надвор'я стаў выключэннем.
— Скачам чатыры дні на тыдзень, практычна цэлы дзень, калі добрае надвор'е, можам зрабіць восем-дзевяць скачкоў. Гэта ідэальна. Калі надвор'е дрэннае ці народу шмат, атрымліваецца зрабіць усяго тры скачкі, падчас іх робіш
памылкі, але ўжо не паспяваеш іх выправіць. Перастаём скакаць, калі становіцца холадна, мокра і воблачна. За сезон робім каля 250—300 трэніровачных скачкоў, а за ўсю кар'еру ў мяне іх 1400, лічыцца, што гэта мала.
Аляксандра расказвае, што падчас зімовага перапынку важна захаваць добрую фізічную форму, бо штодзённыя скачкі даюць сур'ёзную нагрузку на спіну.
— У акрабатыцы задзейнічана ўсё, таму ў ідэале, не толькі ўлетку трэба аддаваць увагу фізічнай падрыхтоўцы і скачкам, але і зімой, напрыклад, хадзіць у басейн, каб умацаваць спіну. Хоць, вядома, у нашым відзе спорту ёсць выключэнні, напрыклад, скачуць людзі, якім за 50, здавалася б, фізічна яны не так падрыхтаваны, як моладзь, але трэніроўкамі ў іх ужо ўсё настолькі адточана, што ўзрост не перашкода.
Ідэальнае надвор'е для парашутнага спорту — 20 градусаў цяпла, вецер 3—5 м/с і невялікая воблачнасць. Самыя небяспечныя ўмовы надвор'я — моцны вецер.
— У спякоту скакаць нязручна — хутка стамляешся, калі робім па восем скачкоў у дзень, паспяваем толькі ўкладваць парашут, перакусіць атрымліваецца падчас таго, калі запраўляецца самалёт. Калі холадна — таксама не камфортна, даводзіцца апранаць шмат адзення, рухацца нязручна, рукі і твар мерзнуць. У лівень скакаць наогул нельга, а вось калі дождж невялікі — скачам. Калі выскокваеш, за кошт хуткасці падзення і хуткасці самалёта, узнікае пачуццё, што ў твар сыпле град, хоць на самай справе ідзе маленькі дожджык, гэта вельмі непрыемна. Самае страшнае — моцны вецер, цябе можа панесці куды-небудзь, на дрэва, напрыклад. У мяне такое было, парашут павіс на дрэвах, адна нага стала на нейкі сук, але я не магла цалкам павіснуць, таму што там былі тонкія сучкі і парашут вісеў ненадзейна, даводзілася трымацца на руках. Хвоя аказалася высокай, метраў 30, трымалася так гадзіну і нават пачала плакаць ад болю і напружання.
«Верагоднасць няшчаснага выпадку невялікая, калі заўсёды думаеш галавой»
Першы скачок з парашутам Саша здзейсніла ў 16, дзяўчына кажа, што ўсе памятаюць свае першыя адчуванні ад палёту, звычайна — гэта эйфарыя. Яна не ведала, што займацца парашутным спортам у Беларусі можна бясплатна, і з-за таго скакаць далей не стала. У прафесійны спорт Саша прыйшла даволі позна — у 21 год (ідэальны ўзрост для старту — 16 гадоў), першы час гэта адбівалася, дзяўчыну не ўспрымалі як належыць, думалі, спорт для яе — справа несур'ёзная. Саша даказала адваротнае, калі стала паказваць добрыя вынікі. Неўзабаве з-за парашутнага спорту ёй прыйшлося перабудаваць усё сваё жыццё.
— Я чамусьці ніколі не займалася спортам у дзяцінстве, нават крыўдна, што бацькі ў свой час не прымусілі. Не ведаю, адкуль у мяне з'явіліся такія амбіцыі ў 21 год, але парашутны спорт мяне вельмі зацягнуў, гэта ўжо спосаб жыцця, там у мяне сябры, нават мужа сустрэла на аэрадроме. Зараз атрымалася знайсці баланс паміж спортам і работай, у мяне эканамічная адукацыя, але я ніколі не працавала па спецыяльнасці, бліжэй піяр, маркетынг і камунікацыі, доўгі час я працавала прэс-сакратаром федэрацыі авіяцыйнага спорту.
Зарабляць парашутным спортам у Сашы не атрымліваецца, а вось укладаць грошы ў гэты занятак трэба, таму часам дзяўчыне даводзіцца чымсьці ахвяраваць.
— Калі ў мяне стаіць пытанне, што купіць: шлем ці сукенку, я, вядома, абяру першае, бо на аэрадроме праводжу значна больш часу, чым у клубах.
Пра бяспеку ў сваім відзе спорту парашутыстка кажа з усмешкай.
— Верагоднасць няшчаснага выпадку тут невялікая, калі ты сочыш за сваім парашутам і заўсёды думаеш галавой. Першы раз я скакала самастойна, бо лічыла, што скакаць з інструктарам неяк несур'ёзна. Сёння нікому не параю рабіць, як я, гэта вельмі траўманебяспечна, то ногі ламаюцца, то атрымліваюцца ўдары, а галоўнае — кайфу ніякага. Вывальваешся, парашут адкрываецца сам, а ты проста боўтаешся. Шмат траўмаў і смяротных зыходаў сёння здараецца з-за з'яўлення маленькіх высакаскорасных парашутаў. Людзі пераацэньваюць свае сілы, каб прызямліць маленькі парашут, на яго трэба пераходзіць паэтапна, чытаць шмат тэорыі, праходзіць курсы. Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і разбіваюцца.
Страху скакаць у мяне няма, баішся, калі ідзеш рабіць штосьці новае, хоць пару разоў былі экстрэмальныя сітуацыі. Даводзілася адкрываць запасны парашут, калі асноўны адкрываўся занадта доўга ці адкрываўся няправільна. Гэта не страшна, калі ведаеш, што рабіць у гэты момант, трэба прымаць рашэнні вельмі хутка, без панікі. Таму ў ідэале штотыдзень кожны павінен адпрацоўваць свае дзеянні ў экстрэмальных сітуацыях. Для гэтага ў нас ёсць спецыяльны трэнажор, залазіш туды, табе пазначаюць праблему і парашутыст павінен маментальна паказаць свае дзеянні ў паветры.
Аляксандра прызнаецца, што падчас здарэння не паспяваеш думаць аб наступствах, а вось потым, ужо на зямлі, з'яўляюцца страшныя думкі.
— Наступны месяц здаецца, вось-вось што-небудзь здарыцца, але гэта праходзіць. Ёсць у парашутным спорце і вельмі прыемныя моманты.
— У кожным скачку мы паспяваем назіраць за краявідамі, усе месцы, куды ездзім на спаборніцтвы, вельмі прыгожыя — горы, азёры, узбярэжжа. Спачатку глядзіш вакол, кайфуеш, а потым ужо ўключаешся ў скачок.
Шанцаў на тое, што парашутны спорт трапіць у праграму Алімпійскіх гульняў вельмі мала, а вось сумежны від — аэрадынамічныя дысцыпліны (для гэтага выкарыстоўваецца аэрадынамічная труба, у якой паветра рухаецца вертыкальна ўверх, што дазваляе імітаваць свабоднае падзенне. Такія трубы выкарыстоўваюцца ў забаўляльных мэтах, для трэніроўкі спартсменаў-парашутыстаў і падрыхтоўкі ваенных) блізкія да гэтага. Хутка такая аэрадынамічная труба іFLY Mіnsk з'явіцца і ў Беларусі.
— Аэратрубныя дысцыпліны развіваюцца цяпер шалёнымі тэмпамі. Трубы з'яўляюцца ўсюды, хоць гэта і нятанна. Шмат дзяцей захапляецца гэтым і ствараюць у трубе неверагодныя рэчы. Многія дысцыпліны перанятыя з паветра, але з'явіліся і новыя, толькі аэрадынамічныя, дысцыпліны, ужо сталі праводзіцца чэмпіянаты свету, Еўропы і Кубкі свету па гэтым спартыўным кірунку, — рэзюмуе Аляксандра і спадзяецца паспаборнічаць на сусветнай арэне і ў гэтым відзе спорту.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Фотаздымкі прадстаўлены гераіняй інтэрв'ю
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat-svetu-pa-parashutnym-sporce
[5] https://zviazda.by/be/tags/parashutyst
[6] https://zviazda.by/be/tags/parashut