Большасць з нас зможа лёгка пераадолець некалькі прыступак лесвіцы, а вось для людзей, якія карыстаюцца інваліднай каляскай, яны стануць даволі сур'ёзнай перашкодай на шляху. Дапамагчы ў вырашэнні гэтай праблемы такім людзям цяпер можа лесвічны гусенічны пад'ёмнік «Барс».
Як паведамляе «Аршанская газета», нядаўна эксклюзіўная прылада з'явілася ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна. Пакуль тэхналагічную навінку ў краіне выкарыстоўваюць толькі ў Мінску, Наваполацку і Оршы. Выраблена прылада ў Тальяці і прызначана для пад'ёму калясак вагой да 160 кілаграмаў. Мабільны пад'ёмнік кіруецца асобай-суправаджальнікам. «Барс» лёгка ўсталёўваецца на любую лесвіцу і зручны ў выкарыстанні. Неабходна проста закаціць на яго каляску, замацаваць яе, прышпіліць чалавека з інваліднасцю рамянём бяспекі і накіраваць пад'ёмнік уверх ці ўніз па лесвіцы.
— Часта карыстанне інваліднай каляскай абцяжарвае выхад за межы кватэры шматпавярховага дома. Пад'ёмная прылада «Барс» дапаможа людзям з інваліднасцю перасоўвацца па паверхах, дзе няма ліфта або пандуса, пашырыць доступ да аб'ектаў, перш за ўсё сацыяльнай сферы. Людзі, якія выкарыстоўваюць для перамяшчэння інвалідныя каляскі, змогуць у зручны для іх час прагуляцца па вуліцы, трапіць у аптэку, шпіталь. Дарэчы, для гэтых мэт яны могуць скарыстацца і дапамогай супрацоўніка цэнтра — спецыяліста па суправаджэнні, — кажа дырэктар ТЦСАН Аршанскага раёна Кацярына Муранкова.
Карыстацца прыладай можна бясплатна. Невялікая плата па сацыяльна нізкай цане прадугледжана толькі за дастаўку, пад'ём на патрэбны паверх і ўстаноўку лесвічнага пад'ёмніка.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/sacyyalnae-abslugouvanne-naselnictva
[3] https://zviazda.by/be/tags/invalidnaya-kalyaska
[4] https://zviazda.by/be/tags/orsha
[5] https://zviazda.by/be/tags/invalidy