Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім змяніў межы Мінска і Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. Дакумент апублікаваны [1] на Нацыянальным прававым партале.
Для комплекснага развіцця тэрыторыі, прылеглай да Нацыянальнага аэрапорта Мінск, у межы сталіцы ўключаць зямельныя ўчасткі юрыдычных асоб, якія размешчаны ў Смалявіцкім раёне, агульнай плошчай 321,56 га. Цяпер гэтыя тэрыторыі будуць уваходзіць у Кастрычніцкі раён сталіцы.
Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2020 года.
Аддаць зямлю каля Нацыянальнага аэрапорта Мінску прапанавалі яшчэ ўлетку, нагадвае tut.by [2]. Мэр Мінска Анатоль Сівак з гэтай нагоды адзначаў, што тэрыторыя за плотам Нацыянальнага аэрапорта адносіцца да Мінскай вобласці. Аэрапорту прыходзіцца самому абслугоўваць усе інжынерныя сеткі і займацца добраўпарадкаваннем. Гэта адбіваецца на цане паслуг аэрапорта для ўсіх авіякампаній. Мэр распавёў, што прапанаваў прэзідэнту, каб Мінск забраў гэтыя землі.
- Каб мы іх развівалі, думалі як пра гарадскую тэрыторыю - з добраўпарадкаваннем, вонкавым асвятленнем, стаянкамі для аўтамабіляў, якія ўвесь час падвяргаюцца крытыцы, водазаборамі, ліўнёўкамі, - казаў Сівак.
Спасылкі
[1] http://pravo.by/document/?guid=12551&p0=P31900378&p1=1&p5=0
[2] https://news.tut.by/society/657506.html?tw
[3] https://zviazda.by/be/tags/granica-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/smalyavicki-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-aeraport-minsk