А многія людзі хаваюць свае праблемы ад блізкіх і не ідуць па дапамогу, што толькі пагаршае іх стан.
Імклівы тэмп жыцця, пастаянныя перагрузкі і стрэсавая работа робяць нас уразлівымі да псіхічных і паводзінскіх расстройстваў. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на іх пакутуе кожны чацвёрты-пяты чалавек. А кожны другі рызыкуе захварэць на працягу жыцця. Згодна з даследаваннямі, кожны сёмы чалавек на Захадзе хварэе на шызафрэнію або схільны да дэпрэсіі ці алкагалізму. Беларусь паўтарае сусветныя тэндэнцыі.
Асноўная небяспека ў тым, што нам бачная толькі «вяршыня айсберга». Афіцыйная статыстыка ахоплівае тых, хто знаходзіцца пад дыспансерным назіраннем. У Беларусі гэта крыху больш за 1 % насельніцтва. Звыш паловы з іх — каля 60 тысяч чалавек — маюць інваліднасць.
— Праблема псіхічнага здароўя для Беларусі вельмі актуальная. Асабліва схаваная яе форма, калі людзі не звяртаюцца па дапамогу да ўрачоў ці псіхолагаў. Многія апасаюцца «нязручнага» дыягназу, праблем на рабоце і сацыяльных ярлыкоў, — адзначаюць у Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа. — На самай справе ніхто не застрахаваны ад праблем з псіхікай. Але калі ад іх не ўцякаць, то ўсё можна паправіць. Напрыклад, у Мінску можна бясплатна звярнуцца ў цэнтр Чырвонага Крыжа «Адкрыты дом» і атрымаць псіхалагічную дапамогу і падтрымку як самім пацыентам, так і іх блізкім.
Ён адкрыты па буднях з 10 да 19 гадзін па вуліцы Чырвонай, 3. Тут нікога не называюць пацыентамі — толькі гасцямі, ды і гісторый хваробы ніхто не пытае. З наведвальнікамі працуюць супрацоўнікі цэнтра, якіх кансультуюць спецыялісты РНПЦ псіхічнага здароўя і Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера.
— Час мяняць стаўленне ў грамадстве, каб да псіхічных захворванняў адносіліся гэтак жа, як і да іншых. Каб наймальнікі ў Беларусі не апасаліся браць такіх людзей у штат, а бацькі не баяліся пакінуць дзіця з равеснікам, паводзіны якога здаюцца дзівацкімі. Забабоны і стэрэатыпы перашкаджаюць такім людзям стаць часткай грамадства і жыць паўнавартасна, — падзяліліся асцярогамі ў Чырвоным Крыжы.
Каб становішча мянялася, арганізацыя запусціла флэшмоб #усемыдзіўныя. Для ўдзелу трэба размясціць у любой сацсетцы пост з апісаннем свайго дзівацтва з гэтым хэштэгам. Спецыялісты збяруць разам усе запісы, а самыя цікавыя — надрукуюць. Яны павінны падвесці грамадства да высновы: няма ідэальных людзей, але ёсць непрыманне тых, хто не ўпісваецца ў звыклыя стэрэатыпы.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue
[3] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya
[4] https://zviazda.by/be/tags/urachy-psihiyatry
[5] https://zviazda.by/be/tags/prablemy
[6] https://zviazda.by/be/tags/psihichnyya-zahvorvanni