Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла ў абарачэнне паштовую марку "100 год войскам сувязі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь". Цырымонія гашэння прайшла ў Цэнтральным доме афіцэраў.
Юбілей войскі сувязі адзначаць 20 кастрычніка. У гэты дзень у 1919 годзе было сфармавана ўпраўленне сувязі Чырвонай Арміі, франтоў і армій, а таксама аддзелы сувязі дывізій і брыгад. Задача на сувязістаў ускладзена вельмі адказная - каардынаваць працу іншых злучэнняў і падраздзяленняў.
- Патрэбнасць у сродках кіравання была заўжды, - заявіў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў. - І ў мірны час за іх плячыма ўжо была безліч вучэнняў, даследаванняў, творчых пошукаў. Войскі здзейснілі гіганцкі тэхнічны прарыў. І зараз яны ўяўляюць сабой найбольш падрыхтаваную частку арміі, якая па сваім аснашчэнні і прафесіяналізме дазваляе выдатна выконваць задачу кіравання войскамі.
Як жа сувязісты рыхтуюцца да свайго прафесійнага свята?
- Мы сустрэліся з ветэранамі практычна ва ўсіх гарнізонах, правялі ў Баранавічах лёгкаатлетычны крос, - расказвае начальнік сувязі Узброеных Сіл Алег Мішчанка. - Марку заслужыць не так і проста. Мы аддаем даніну памяці тым, хто калісьці ствараў падмурак сучасных войскаў сувязі.
Марка аддрукавана тыражом у 36 тысяч экзэмпляраў. Яе намінал адпавядае тарыфу на перасылку простага ліста масай да 20 грамаў уключна ў межах Беларусі.
Паштовы праект, у склад якога ўваходзяць марка, канверт і спецштэмпель, падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з упраўленнем сувязі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/suvyaz
[4] https://zviazda.by/be/tags/gashenne-pashtovyh-marak