У Буда-Кашалёўскі РАУС звярнулася 63-гадовая гамяльчанка. Яна паведаміла, што невядомы скраў з дачнага дома ў вёсцы Шырокае грошы, больш за 300 рублёў.
Супрацоўнікі міліцыі, прыбыўшы на месца здарэння, высветлілі, што злодзей увайшоў у памяшканне дачы, скарыстаўшыся ключом, які гаспадыня захоўвала ў кошыку побач з дзвярыма. З жаночай сумачкі прапала 300 рублёў. Знік і магнітны трымальнік для манет, што ляжаў на халадзільніку.
Аператыўнікі хутка вылічылі, хто можа быць датычны да здзяйснення крадзяжу. Неўзабаве 35-гадовая жыхарка гэтай жа вёскі не толькі расказала, як пранікла ў хату, але і вярнула большую частку грошай. Астатняе паспела патраціць на прадукты харчавання і цыгарэты, паведамілі ў УУС Гомельскага аблвыканкама.
Сышчыкі правяраюць падазраваную, якая ў цяперашні час затрыманая, на датычнасць да здзяйснення аналагічных крадзяжоў, у тым ліку, на тэрыторыі іншых раёнаў Гомельшчыны.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh