На гэта накіраваны законапраект «Аб змяненні законаў» (па пытаннях аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый). Гэты дакумент быў учора разгледжаны дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні сёмай сесіі.
З 1 студзеня 2020 года згодна з Указам № 27 заробак будзе фарміравацца з акладу, стымулюючых і кампенсуючых даплат. Большыя магчымасці для рэгулявання аплаты атрымаюць кіраўнікі арганізацый. Дэпутаты да пачатку дзеяння змен прыводзяць заканадаўства ў адпаведнасць з Указам.
Член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Анатоль Дашко адзначыў, што дзеючая сістэма ставак вельмі складаная: «Сістэма спросціцца, там скасуецца каля 300 пастаноў Мінпрацы».
Новая тарыфная сістэма для бюджэтнікаў уключае базавую стаўку і 18-разрадную тарыфную сетку замест 27-разраднай.
Пры гэтым кожнае бюджэтнае ведамства распрацавала свой парадак стымулюючых і кампенсуючых даплат. Цэнтралізаванай застанецца толькі базавая стаўка — 180 рублёў, але, як запэўніў парламентарый, яна будзе імкнуцца да бюджэту пражытачнага мінімуму (сёння амаль 231 рубель).
Таксама праект закона прадугледжвае залік перыяду альтэрнатыўнай службы ў стаж работы ў бюджэтных арганізацыях.
Міністр фінансаў Максім Ермаловіч, які прысутнічаў на пасяджэнні, у размове з журналістамі паведаміў пэўную інфармацыю аб бюджэце на будучы год. Так, дэфіцыт можа скласці амаль 1 мільярд рублёў. Страты ад падатковага манеўра Расіі ў рэспубліканскім бюджэце 2020-га дасягнуць 400 мільёнаў долараў ЗША. Такая ж сума недаатрымана сёлета.
Больш аптымістычныя прагнозы на бюджэт у дэпутатаў. Па словах члена Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Таццяны Сайганавай, плануецца пашырэнне яго расходнай часткі з-за сацыяльнай накіраванасці: «У прыватнасці, будуць павялічаны заробкі ў бюджэтнай сферы. Але мы бачым, што пункты росту даходаў ужо ёсць — гэта работа прамысловага сектара эканомікі, работа малога і сярэдняга бізнесу, чаму, несумненна, будзе спрыяць прыняцце новай рэдакцыі Падатковага кодэкса».
Бюджэт пакуль не паступіў у парламент, але чакаецца на працягу некалькіх дзён.
У першым чытанні разгледзелі ў Авальнай зале і законапраект «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства». Прапанавана выключыць замежнікаў, якія здзейснілі злачынства па неасцярожнасці, з катэгорыі асоб, якім могуць адмовіць у выдачы віз ці ўездзе ў Беларусь. Важным дапаўненнем стане дазвол на ўезд для замежнікаў, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў Беларусі і не пагасілі яго праз тое, што не мелі адпаведнай інфармацыі. Па словах Івана Падгурскага, першага намесніка міністра ўнутраных спраў, на сёння ў спіс асоб, уезд якіх у краіну забаронены ці непажаданы, уключана больш за 1 мільён 140 тысяч чалавек. Большасць з іх унесена Расіяй. Абнаўленні закона будуць спрыяць павышэнню турыстычнай і інвестыцыйнай прывабнасці нашай краіны.
Таксама дэпутаты ратыфікавалі Пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі па супрацоўніцтве ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў. «Па-першае, ён дасць дакладнае разуменне, у якіх аб'ёмах мы будзем пастаўляць, напрыклад, сырую нафту, — расказаў пра новаўвядзенні намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Аляксей Сокал. — Па-другое, па некаторых нафтапрадуктах (бензін, дызельнае паліва, мазут) калі на год складзены патрэбы нашага ўнутранага рынку, то гэта дае стабільнасць. І самае галоўнае, гэта дае поўную загрузку нашых нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў».
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/finansy
[4] https://zviazda.by/be/tags/zarobki-i-taryfy