Іх агучылі жыхары Гродзеншчыны падчас прамой лініі са старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Ігарам ЖУКОМ.Усяго было некалькі дзясяткаў званкоў. Пераважная большасць зваротаў — ад гродзенцаў. Змаглі дазваніцца і жыхары іншых раёнаў. У асноўным агучваліся жыллёва-камунальныя праблемы: у пачатку ацяпляльнага сезона не ўсё ішло гладка, і людзі хацелі ведаць, чаму так адбываецца.
Менавіта гэта тэма стала дамінантай у тэлефонных дыялогах Ігара Жука з жыхарамі вобласці. Гараджане выказвалі занепакоенасць перабоямі з цяплом у кватэрах. Да таго ж, праблема, як відаць, больш закранула Занёманскую частку горада — менавіта адтуль было шмат званкоў. Часцей за ўсё людзі пыталіся: калі ж у іх дамы прыйдзе цяпло? Як аказалася, не ўсе бачаць розніцу паміж рэжымам працеплівання і паўнавартаснай падачай цяпла.
— Пытанне ўзнікае яшчэ і таму, што многія блытаюць гэтыя працэсы. А між тым паміж рэжымам працеплівання і ўключэннем поўнага ацяплення ёсць значная розніца. Гэта нават розныя рэчы. Калі пачынаецца паўнавартасны рэжым, тэмпература вады ў батарэях дасягае 63—64 градусаў. А вось працепліванне прадугледжвае значна меншы нагрэў — толькі 34—40 градусаў. Пры замаразках можа быць і больш — да 50-ці. Пакуль сістэмы ацяплення жыллёвага фонду, згодна з распараджэннем старшыні гарвыканкама, знаходзяцца ў рэжыме працеплівання, — растлумачыў сітуацыю Ігар Жук.
Не ўсюды хутка была праведзена работа па распаветрыванні батарэй, ад чаго цяпло не магло трапіць у кватэру альбо яе частку. Таксама на падачы цяпла адбілася пракладка цеплатрасы. У горадзе такія работы яшчэ вядуцца поўным ходам.
Былі агучаны іншыя праблемы, у тым ліку транспартныя. Жыхарка вёскі Зялёная Гродзенскага раёна паскардзілася, што ў вёсцы няма аўтобуснага прыпынку. А жыхары абласнога цэнтра выйшлі з прапановай пасадзейнічаць у падаўжэнні аднаго з аўтобусных маршрутаў, які курсіруе ў загарадны мікрараён. Ёсць праблема і з разваротнай пляцоўкай.
Актуальную для асобна ўзятага двара тэму ўзнялі жыхары адной з цэнтральных вуліц горада. Высветлілася, што на месцы дзіцячай пляцоўкі будзе абсталявана паркоўка. Бацькі, чые дзеці тут гуляюць, супраць такога рашэння і маюць намер адстойваць дзіцячы аб'ект. Пытанне адрасавана гарвыканкаму. Ігар Жук таксама прыме ўдзел у абмеркаванні гэтай праблемы.
Увогуле пытанні гучалі самыя розныя, але злабадзённыя. Некаторыя абаненты эмацыянальна выказваліся аб сваіх праблемах, бо часта з імі сутыкаюцца. Гэта датычылася асфальтавання і рамонту дарог, выплаты пенсій, кошту лекаў, работы грамадскіх лазняў. На жаль, многія з іх зачыняюцца...
Як адзначыў Ігар Жук, большасць пытанняў вырашалася аператыўна на месцы пры дапамозе прадстаўнікоў кампетэнтных службаў і ўпраўленняў. Некаторыя праблемы патрабуюць больш падрабязнага вывучэння. Кожны заяўнік можа мець упэўненасць, што яго пытанне будзе вырашацца з удзелам адпаведных службаў, адзначыў Ігар Жук. Пісьмовы адказ атрымаюць усе, хто звярнуўся на прамую лінію.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Каля трыццаці званкоў ад жыхароў цэнтральнага рэгіёна паступіла на прамую тэлефонную лінію, што правяла старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая.
Жыхара вёскі Лежні Чэрвеньскага раёна Багдана Міхайлавіча хвалявалі транспартныя праблемы. Заяўнік расказаў, што раней да райцэнтра можна было дабрацца аўтобусам, які курсіраваў па панядзелках. Цяпер рэйс знялі. А найбліжэйшы аўтобусны прыпынак знаходзіцца дзесьці за пяць кіламетраў ад населенага пункта. Падчас дыялогу высветліліся і іншыя пытанні, якія патрабуюць вырашэння. Адно з іх — рамонт дарогі. Аналагічныя праблемы агучылі і жыхары вёскі Зайцы гэтага ж раёна.
Наталля Якубіцкая патэлефанавала старшыні Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў Мікалаю Лойку і даручыла правесці агульны сход жыхароў з запрашэннем кіраўнікоў усіх зацікаўленых службаў, у тым ліку і транспартнай арганізацыі, якая ажыццяўляе пасажырскія перавозкі.
Алена Станіславаўна з вёскі Пекалін Смалявіцкага раёна звярнулася з просьбай пасадзейнічаць у рамонце мясцовага фельчарска-акушэрскага пункта. Будынак медыцынскай установы стары, выглядае непрывабна, паскардзілася жанчына. Акрамя таго, у дрэнным стане вуліца Калгасная: пасля дажджу — не праехаць.
Наталля Якубіцкая звязалася з галоўным урачом Смалявіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Вольгай Уваравай, якая запэўніла, што пытанне вырашыцца ў 2020 годзе. У бюджэце на гэтыя мэты будуць прадугледжаны неабходныя сродкі. Што датычыцца дарогі, то пытанне па яе ўладкаванні адрасавана намесніку старшыні Смалявіцкага райвыканкама Мікалаю Парамонаву.
Жыхароў Прылукаў Мінскага раёна непакоіць адсутнасць гарачай вады. Пасля таго як уключылі ацяпленне, яна ў кранах прапала. У тым выпадку, калі яе доўга спускаць, яна становіцца крыху летняй, але да неабходнай тэмпературы — далёка. Грамадзян з вёскі Навасады Барысаўскага раёна не задавальняе якасць пітной вады. «Такія праблемы сапраўды характэрныя для некаторых населеных пунктаў гэтага рэгіёна, і мы пра іх ведаем», — канстатавала Наталля Якубіцкая. Яна даручыла кіраўніцтву раёнаў і кампетэнтным службам пастарацца дапамагчы людзям.
У аграгарадку Калодзішчы распачаўся рамонт вуліцы Цяністай і прылеглых да яе праездаў. Але некалькі жыхароў выказаліся супраць толькі асфальтавання, расказаў Уладзіслаў Васілевіч. Яны патрабуюць, каб правялі комплекснае добраўпарадкаванне з азеляненнем тэрыторыі, уладкаваннем тратуараў. Дарожнікі вымушаны былі прыпыніць работы.
Высветліць сітуацыю і дапамагчы жыхарам знайсці кампраміс Наталля Якубіцкая даручыла першаму намесніку старшыні Мінскага райвыканкама Уладзіміру Юргевічу.
На прамую лінію паступалі і званкі наконт вулічнага асвятлення ў асобных населеных пунктах.
— Людзей можна зразумець, — канстатавала старшыня аблсавета. — Пачынае позна развідняцца, рана цямнець. Трэба, каб дарослым было зручна дабірацца на работу і дамоў, а дзецям у школу. У прынцыпе, з мінулага панядзелка многія пачалі ўключаць святло, ставіць дадатковыя ліхтары. Мы ўзмацнілі работу ў гэтым кірунку і трымаем пытанне на кантролі. У самы бліжэйшы час яно будзе знятае з парадку дня.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў у мінулую суботу падчас прамой лініі выслухаў больш за дзесяць зваротаў грамадзян. Трохгадзіннае «дзяжурства» народнага выбранніка часта нагадвала... фіксаванне званкоў у дыспетчарскай падраздзялення жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Агучанай праблемай нумар адзін стаў недахоп цяпла ў жыллі.
Некалькі чалавек з розных рэгіёнаў Прыдзвіння прасілі дапамагчы падняць тэмпературу вады ў батарэях. У прыватнасці, скардзілася на холад жыхарка дома на вуліцы Пушкіна ў Оршы. А па сутнасці — няўжо, каб спусціць паветра са стаяка, трэба тэлефанаваць у Віцебск? Напэўна, мясцовыя камунальнікі, мякка кажучы, ходзяць на работу «з-пад палкі»?
Аналагічная скарга была агучана і жыхаркай шматпавярховіка на праспекце Фрунзе ў абласным цэнтры. У доме работнікі сістэмы ЖКГ чамусьці не спяшаюцца распачаць ацяпляльны сезон. Дзіўна, калі ўлічыць, што зарплату атрымліваюць без затрымак.
Але некаторым трэба дапамагчы зберагчы цяпло. Наконт уцяплення фасада часткі дома на вуліцы 1-й Пралетарскай, якое абмінула яе кватэру, тэлефанавала яшчэ адна віцяблянка. А жыхарка Маскоўскага праспекта ў Віцебску, як запомніў дэпутат, не першы раз прасіла паспрыяць паскарэнню капітальнага рамонту дома. Па яе словах, сур'ёзны рамонт будынка за 56 гадоў ні разу не выконваўся. Яна атрымала адказ, што, калі ёсць падстава, рамонт паскораць.
Вельмі абгрунтаванай была просьба яшчэ адной віцяблянкі наконт неабходнасці арганізацыі праезду грамадскага транспарту да новай паліклінікі. Жанчына жыве ў спальным раёне Білева, а да іншага — Медцэнтр, дзе адкрылі сёлета медыцынскую ўстанову, паводле яе слоў, дабірацца нязручна. Старшыня абласнога Савета паабяцаў разабрацца з сітуацыяй і даў даручэнне адказным асобам аператыўна прадумаць і рэалізаваць на практыцы лагістыку. А, калі задумацца, насамрэч: калі адкрываюць установу сацыяльнага прызначэння для жыхароў канкрэтных раёнаў, трэба ж паралельна аналізаваць: ці зручна будзе дабірацца туды параўнальна здалёк? Не ва ўсіх жа ёсць аўто, тым больш у пенсіянераў, маці-адзіночак.
Жыхарка Браслаўскага раёна папрасіла паспрыяць абследаванню стану яе здароўя ў абласным цэнтры. Пры гэтым, што важна, шчыра падзякавала за спачуванне і падтрымку тутэйшым медыкам. Пытанне будзе вырашана станоўча, паведаміў дэпутат карэспандэнту «МС», бо падтрыманне ў належным стане працаздольнасці і даўгалецця грамадзяніна — гэта не толькі асабістая справа, але і клопат дзяржавы.
А вось састарэлы жыхар Верхнядзвінскага раёна прасіў станоўча вырашыць пытанне падвозу яго дачкі да работы і дамоў. Яна скончыла Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, цяпер — малады спецыяліст. Безумоўна, аргументаванасць пытання спрэчная, але ж трэба, як кажуць, вывучыць сітуацыю дэталёва.
Падводзячы вынікі прамой лініі, старшыня абласнога Савета адзначыў, што, бадай, усе заявы знаходзяцца ў кампетэнцыі адказных асоб на месцах — у прыватнасці, тыя ж камунальныя сігналы. Пры гэтым важна было чарговы раз атрымаць пацвярджэнне таго, што людзі вераць у больш дзейснае рэагаванне на зварот да народнага выбранніка. Гэта, безумоўна, дарагога каштуе.
Кіраўнік аблсавета не раз нагадваў калегам у глыбінцы, што дробных пытанняў ад грамадзян не бывае. Таму кожны сігнал на прамую лінію будзе разгледжаны, а праблемы пры магчымасці — вырашаны.
P.S. Наконт скаргаў пра холад у жыллі: усе сігналы былі аператыўна перададзены ў падраздзяленні ЖКГ, якія абслугоўваюць кватэры заяўнікаў. І, сантэхнікі доўга не зацягваючы, зрабілі ўсё, што было трэба.
Практыка паказвае, што ў большасці выпадкаў трэба толькі праявіць больш прафесіяналізму на месцах. Напрыклад, праверыць, ці ва ўсіх кватэрах нармальна цыркулюе вада ў сістэме ацяплення: калі трэба ў дзень падключэння, спусціць паветра па стаяку і г. д. У сувязі з падаражаннем паслуг ЖКГ павышаецца і патрабавальнасць карыстальнікаў да іх якасці. Таму можна зразумець аргументы людзей.
Аляксандр ПУКШАНСКІ, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[3] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva
[5] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/pramaya-liniya
[7] https://zviazda.by/be/tags/minski-ablasny-savet-deputatau
[8] https://zviazda.by/be/tags/savet-deputatau-0