4 кастрычніка ў 0 гадзін 0 хвілін стартаваў перапіс насельніцтва. Гэта ўжо трэцяя падобная кампанія ў незалежнай Беларусі — да таго перапісы праходзілі ў 1999 і 2009 гадах. Прыемнай разыначкай сёлетняй кампаніі ўпершыню стала магчымасць перапісацца ў рэжыме анлайн. Але наколькі цяжка гэта зрабіць? Дэманструем у скрыншотах.
1.Заходзім на сайт census.by [3] або перепись.бел [4]. Кожны з гэтых сайтаў мае дзве версіі — як беларуска-, так і рускамоўную. Уверсе таксама размешчана кнопка «Версія для людзей са слабым зрокам». Калі яе націснуць, то шрыфт візуальна павялічваецца, а афармленне старонкі робіцца чорна-белым.
Па стане на 6.20 раніцы ўдзел у інтэрнэт-перапісе прынялі 3620 чалавек. Хм, атрымліваецца больш чым па 9 чалавек у хвіліну. Вельмі нядрэнна для першых гадзін перапісу, тым больш у начны час.
2.Далей нам прапаноўваюць увайсці ў сістэму інтэрнэт-перапісу. Калі вы ўжо зарэгістраваны ў міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі, то можна аўтарзывацца з яе дапамогай. Я ж вырашыў увайсці пры дапамозе аднаразовага коду. Для гэтага трэба ўвесці 14-значны ідэнтыфікацыйны нумар, які ёсць у вашым пашпарце, і нумар мабільнага тэлефона.
3.Уводзім код і... паехалі. Забягаючы наперад: сам працэс інтэрнэт-перапісу ў вас зойме не больш за 20 хвілін.
4.Спачатку ў вас спытаюць пра адрас вашага пражывання і домагаспадарку. Апошні тэрмін, скажам так, выкарыстоўваецца ў маўленні нячаста. Але злева тут жа даецца тлумачэнне, што ж гэта за звер такі. У кожнага пункта змешчаны падказкі — яны вам дапамогуць пры ўзнікненні якіх-небудзь цяжкасцей пры разуменні фармулёўкі. Напрыклад, калі муж і жонка разведзены, але жывуць у адной кватэры і кожны з іх мае свой халадзільнік і гатуе ежу асобна — то гэта дзве гаспадаркі.
5.Далей усё проста: тып вашага жылля, яго плошча, які ў вас водаправод і каналізацыя, ці ёсць ванна, гарачае водазабеспячэнне, форма ўласнасці і колькасць пакояў.
6.А вось на гэтым этапе пачынаюцца пытанні асабістыя. Тут у вас спытаюць пра сямейнае становішча, месца вашага нараджэння, ці збіраецеся пераязджаць з Беларусі? Якое ў вас грамадзянства? Да якой нацыянальнасці вы сябе адносіце? Моўны раздзел прысвечаны двум пытаннем — вашай роднай мове (якую вы першай засвоілі ў дзяцінстве) і той, на якой вы размаўляеце дома. Жанчынам таксама прапануюць адказаць на некалькі чыста гендарных пытанняў — колькі дзяцей яны нарадзілі і колькі плануюць.
7.І пра крыніцы вашага заробку таксама спытаюць.
8.Апошнія пытанні прысвечаны сельскай гаспадарцы. Ён патрэбны толькі тады, калі ў вас ёсць які-небудзь зямельны ўчастак або жывёлы. Кароў і катоў з сабакамі рэгістраваць не трэба :)
9.Адпраўляем дадзеныя. Пытанні скончылася і... раптам сістэма выдае прыемны сюрпрыз. «Вы сталі адным з удзельнікаў Інтэрнэт-перапісу, які можа атрымаць смартфон Xiaomi. Кожны дзень — адзін Redmi Note 8 Pro». Ну... чаму б і не?
10.І пампуем адмысловы сертыфікат, як тое раілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце. Ён спатрэбіцца, калі раптам да вас прыйдуць перапісчыкі. Ні вы, ні яны не будзеце губляць час.
Адным словам, інтэрнэт-перапіс — гэта вельмі добра і зручна!
А вось тут [5] можна паглядзець, як выглядае перапісны ліст, аформлены па-беларуску. Ён у фармаце PDF.
Валяр’ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://census.by
[4] http://перепись.бел
[5] http://www.belstat.gov.by/upload-belstat/upload-belstat-pdf/respondent/2-2N_bel-190912.pdf
[6] https://zviazda.by/be/tags/perapis-naselnictva-belarusi-2019