Удасканаленне методык навучання, пераход на новыя навучальныя праграмы, будаўніцтва і мадэрнізацыя школ, падрыхтоўка педагагічных кадраў і дастойная заработная плата для настаўнікаў — выкананне ўсіх гэтых задач ідзе паэтапна і атрымлівае пазітыўныя водгукі. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка пры наведванні Петкавіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад—сярэдняя школа ў Дзяржынскім раёне, перадае БелТА.
Важным аспектам ён назваў удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. «За апошнія 10 гадоў у краіне было пабудавана каля 50 школ, сёлета — сем. Яны абсталяваны па апошнім слове тэхнікі, каб вучань мог усебакова развівацца. Абсталяваны кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі», — расказаў Ігар Петрышэнка. Для прыкладу: сёлета, у адпаведнасці з дзяржпраграмай «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2016—2020 гады, установы агульнай сярэдняй адукацыі па ўсёй краіне атрымаюць 280 кабінетаў хіміі, 30 кабінетаў біялогіі, 1000 мультыбордаў. На набыццё абсталявання сёлета з рэспубліканскага бюджэту выдзелена 13,2 мільёна рублёў.
І, вядома, для павышэння прэстыжу прафесіі настаўніка значную ролю адыгрывае годная фінансавая ацэнка іх працы. «Мы выходзім на параметры, якія вызначыў кіраўнік дзяржавы, — дасягнуць узроўню 80 працэнтаў ад сярэдняй заработнай платы па краіне», — падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/shkola
[5] https://zviazda.by/be/tags/igar-petryshenka