Напярэдадні Дня настаўніка Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і жодзінская сярэдняя школа № 8 заключылі партнёрскае пагадненне. Ініцыятарамі пілотнага праекта сталі патомныя педагогі — першы прарэктар БДУІР Сяргей ДЗІК і загадчык кафедры праектавання інфармацыйна-камп'ютарных сістэм Віталь ХАРОШКА. Для абодвух Жодзіна — малая радзіма.
Трэба заўважыць, што летась пры падтрымцы БДУІР у 8-й жодзінскай школе ўжо быў адкрыты камп'ютарны клас з сучасным абсталяваннем, якое дазваляе навучацца ў тым ліку дыстанцыйна. Зараз жа супрацоўніцтва выйдзе на новы якасны ўзровень: школе будзе забяспечаны свабодны доступ да электронных адукацыйных рэсурсаў універсітэта, вучэбна-метадычных матэрыялаў, распрацаваных выкладчыкамі факультэта камп'ютарнага праектавання для факультатыўных заняткаў па асновах інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для школьнікаў.
«Мы зусім не выпадкова вырашылі даць старт праекту напярэдадні Дня настаўніка, — падкрэслівае Сяргей Дзік. — Хочацца, каб падпісанне партнёрскай дамовы стала для школы добрым падарункам да свята. Для мяне асабліва важна, што мерапрыемства праходзіць на маёй радзіме — гэта яшчэ і даніна памяці маім бацькам-педагогам».
Партнёрскі дагавор дазволіць перадаць школе самае каштоўнае — назапашаныя веды. Сучасныя электронныя навучальныя комплексы дапамогуць ісці ў нагу з часам і школьнікам, і іх педагогам. Для вучняў будуць праводзіцца сумесныя мерапрыемствы па прафарыентацыі і факультатыўныя заняткі. Настаўнікі змогуць павысіць сваю кваліфікацыю. Таксама для будучых абітурыентаў плануюцца экскурсіі ў БДУІР і іншыя сумесныя мерапрыемствы. Ужо ў кастрычніку школьнікі далучацца да акцыі «Стань студэнтам БДУІР на адзін дзень».
Сяргей Дзік адзначыў, што цяпер у моладзі ёсць практычна неабмежаваны доступ да інфармацыі, але ў гэтым патоку важна знайсці па-сапраўднаму патрэбнае і каштоўнае, каб зрабіць правільны выбар і вызначыць свой шлях у прафесіі.
На думку дырэктара сярэдняй школы № 8 Жодзіна Віктара ХАРОШКІ, для многіх гэты сумесны праект можа стаць лёсавызначальным. «ІT-сфера выклікае цікавасць у многіх школьнікаў. Прыемна, што зараз любыя іх пачынанні, звязаныя з ІT, будуць падтрымлівацца на прафесійным узроўні», — падкрэсліў ён.
У планах на найбліжэйшую будучыню — падключаць да навучання зацікаўленых хлопцаў і дзяўчат і з іншых жодзінскіх школ, каб на базе сумеснага класа БДУІР і СШ № 8 стварыць гарадскі рэсурсна-адукацыйны цэнтр па інфарматыцы.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота прэс-службы БДУІР
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/bduir
[5] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya