Рана ці позна кожнаму ўласніку давядзецца сутыкнуцца з сур'ёзным рамонтам свайго шматкватэрнага дома. Што трэба ведаць аб яго правядзенні?
Падставамі для капітальнага рамонту ў жылым доме з'яўляюцца перспектыўныя праграмы (на пяць гадоў) і бягучыя графікі (на адзін год). Іх распрацоўваюць і зацвярджаюць мясцовыя органы ўлады. Калі капітальны рамонт не можа быць зроблены без высялення жыхароў, то на час работ ім даецца жылое памяшканне манеўранага фонду, паведамляе партал камунальнай адукаванасці gkх.bу [3].
Калі ўласнік адмаўляецца пакінуць сваё жыллё, яго могуць выселіць праз суд.
Калі мы кажам пра тэхнічны стан дома, то трэба разумець, што ў любога будынка ёсць мінімальны тэрмін эфектыўнай эксплуатацыі. Ён залежыць ад умоў (тэмпературы, вільготнасці, якасці тэхнічнага абслугоўвання) і ад матэрыялаў, якія былі выкарыстаныя пры будаўніцтве дома (панэлі, цэгла). У сярэднім тэрмін складае ад 15 да 25 гадоў. Аднак трэба разумець, што гэта тэрмін мінімальны, і калі па яго заканчэнні дом знаходзіцца ў добрым стане, то гэта зусім не гарантуе вам правядзенне капітальнага рамонту.
Хто плаціць і за што?
Капітальны рамонт выконваецца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў і адлічэнняў грамадзян. Штомесячная аплата капітальнага рамонту пералічваецца на спецыяльныя рахункі, якія адкрыты ў мясцовых органах улады або таварыствах уласнікаў. Калі грошы пералічвалі на рахункі мясцовых органаў улады, то работы будуць выконвацца за кошт сабраных сродкаў і мясцовых бюджэтаў. Калі ж грошы трапілі на рахункі таварыстваў, то рамонт у такіх дамах будуць рабіць выключна за кошт дадзеных сродкаў. Але пры гэтым ва ўласнікаў жылля будзе магчымасць пералічыць сабраную суму мясцовым органам улады і атрымаць падтрымку ад дзяржавы.
Што будзе зроблена?
Галоўная мэта капітальнага рамонту жылых будынкаў — аднавіць асноўныя якасці пабудовы, страчаныя падчас эксплуатацыі: фізічныя, тэхнічныя, спажывецкія, эстэтычныя.
Абавязковыя віды работ пры капітальным рамонце: рамонт даху і фасадаў будынка (стыкі, швы, балконы, лоджыі, прыступкі, брылі), а пры прамярзанні — уцяпленне асобнымі фрагментамі тарцоў. Акрамя таго, прадугледжана замена запаўненняў аконных праёмаў і ўваходных дзвярных праёмаў у месцах агульнага карыстання, а таксама сістэм халоднага (гарачага) водазабеспячэння, каналізацыі і водаадвядзення (у падвалах і па стаяках кватэр). Сюды ж уваходзіць замена электрашчытавой, электраправодкі і электрашчыткоў у месцах агульнага карыстання.
Падчас такіх работ ажыццяўляецца рамонт і замена ўнутрыдамавых інжынерных сістэм электра-, цепла-, газа- і водазабеспячэння, водаадвядзення, супрацьдымнай абароны, установак супрацьпажарнай аўтаматыкі, а таксама каналізацыйных выпускаў у адпаведнасці з межамі балансавай прыналежнасці і эксплуатацыйнай адказнасцю бакоў, а таксама рамонт падмурка і аднаўленне адмосткі.
Што не робяць
Пры капітальным рамонце жылога дома ў індывідуальным памяшканні не робяць замену вокнаў, сантэхнікі, электраправодкі, электра- і газавага абсталявання, прыбораў уліку цепла- і электраэнергіі, расходу вады. Падчас такога рамонту не прадугледжаны абсталяванне дзіцячых пляцовак і дадатковых парковачных месцаў, а таксама рамонт лесвічных клетак і падвальных памяшканняў.
Якая роля заказчыка?
Яшчэ на стадыі афармлення праекта камунальнікі павінны правесці агульны сход жыльцоў. Вельмі важна не ігнараваць яго правядзенне, бо на сходзе будуць абмяркоўвацца вашы пажаданні і патрабаванні як уласніка, а таксама неабходнасць іх уключэння ў праектна-каштарысную дакументацыю. На сходзе таксама вырашаюцца пытанні, якія датычацца ўцяплення дома і ўстаноўкі індывідуальных прыбораў уліку (за кошт асабістых сродкаў уласнікаў).
Прадстаўнікі заказчыка павінны праінфармаваць аб выніках абследавання жылога дома, запланаваных відах работ і паведаміць кантактныя звесткі адказных асоб. Уласнікі, са свайго боку, павінны выбраць прадстаўніка на час капрамонту.
Колькі доўжыцца?
Тэрмін уводу дома ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту павінен быць прапісаны ў дагаворы. У цэлым нормы працягласці работ па капітальным рамонце пазначаны ў дакументах, зацверджаных Міністэрствам ЖКГ. Аднак тэрміны могуць быць перанесены, але толькі пры наяўнасці аб'ектыўных прычын. Гэта могуць быць форс-мажорныя абставіны (адзін з уласнікаў адмаўляецца даць доступ у кватэру для выканання пэўнага віду работ), значныя аб'ёмы дадатковых работ (калі іх неабходнасць была выяўлена пры правядзенні капітальнага рамонту), а таксама адсутнасць фінансавання на іх правядзенне. Прычым трэба ведаць, што ўвесці дом у эксплуатацыю заказчык зможа толькі пасля правядзення ўсіх работ, якія былі прадугледжаны праектам.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://www.gkx.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhkg
[6] https://zviazda.by/be/tags/kapitalny-ramont