Пагадзіцеся, амаль кожны хоча пачаць зарабляць грошы як мага раней. Але калі вучышся ў школе, то варыянтаў не так ужо і шмат. А вось у студэнтаў адкрываюцца трохі іншыя магчымасці: і па часе, і па прапановах. Напрыклад, можна знайсці работу з частковай занятасцю — на чатыры-пяць гадзін на дзень.
Спачатку, як правіла, маладыя людзі спрабуюць сябе ў якасці афіцыянтаў, аператараў кол-цэнтра ці прамоўтараў — менавіта па гэтых вакансіях не звяртаюць увагу на наяўнасць скончанай адукацыі і вялікага досведу. Можна дамовіцца на індывідуальны графік. Па грашах прыкладна атрымліваецца 350—400 рублёў.
Вікторыя Сашко, студэнтка чацвёртага курса факультэта журналістыкі БДУ, не выключэнне — яе «кар'ерны шлях» пачаўся з рэкламы і прома.
— Ішла ў гэтую сферу, безумоўна, каб падзарабіць. Потым з'явілася жаданне «прапампаваць» сябе ва ўсіх кірунках журналісцкай дзейнасці. Цяпер пішу матэрыялы ў якасці пазаштатніка, што вельмі зручна з-за графіка — ты сам яго будуеш. Хоць такая работа не зусім задавальняе па грашах. Тым не менш пакуль студэнт — гэта нармальна, — сцвярджае Вікторыя.
Некаторыя, пачынаючы працаваць, думаюць, што было б цудоўна знайсці аднадумцаў і стварыць цэлую каманду для рэалізацыі сумесных праектаў. Андрэй Патупчык, Настасся Базоўкіна, студэнты трэцяга курса Інстытута бізнесу БДУ, і Ягор Русак, студэнт трэцяга курса Інстытута правазнаўства, аб'ядналіся, каб крэатыўна і хутка выконваць задачы. Андрэй дзеліцца, як усё пачалося:
— Першую падпрацоўку СММ-спецыялістам знайшоў па дагаворы падраду яшчэ ў 10-11 класе ў арганізацыі, якая займалася продажам ролікавых канькоў. Плацілі 200 рублёў, чаму, безумоўна, быў вельмі рады — школьніку дастаткова. Калі паступіў ва ўніверсітэт, то захацелася чагосьці большага: праз інтэрнэт знайшоў вакансію СММ-менеджара і ўладкаваўся яшчэ ў адну кампанію. Калі падсумаваць, то атрымлівалася 400 рублёў — дастаткова для пачатку.
Хоць ён прызнаецца, што сам не разумее, як сумяшчаў два праекты і вучобу. І адначасова сцвярджае, што гэта... лёгка. Таму пасля першага курса ў хлопца з'явілася жаданне і на... трэцюю падпрацоўку. Яна была больш прэстыжная і сур'ёзная — у аддзеле маркетынгу Інстытута бізнесу БДУ. І тут Андрэй дамовіўся на заробак у 200 рублёў. Праўда, на гэтай новай падпрацоўцы пачалі даваць шмат цікавых заданняў, а часу ўжо не хапала. Давялося ўсё ж пакінуць кампанію, з якой ён некалі пачынаў, — па продажы ролікавых канькоў. «Я вырашыў, што вопыт даражэйшы за лішнія грошы», — кажа ён.
— Пачаў шукаць хлопцаў і дзяўчат, якія хацелі б працаваць у сферы СММ. Мы падзялілі задачы: я наладжваў рэкламу, Настасся пісала тэксты для пастоў у сацыяльных сетках, Ягор маляваў карцінкі ў фоташопе. Пачалі шукаць новых кліентаў і адначасова прасіць больш высокую аплату. Матывавалі тым, што эфектыўнасць будзе ў тры разы вышэйшая, калі за СММ возьмецца не адзін чалавек, а цэлая каманда. Ці было на гэтым этапе цяжка? Ды не, проста ведаў, што пасля ўніверсітэта еду ў офіс — хто хоча, той круціцца. У нас ужо нават запланавана правесці канферэнцыю ў БДУ восенню, дзе мы хочам адкрыць сакрэты, як вучыцца і зарабляць адначасова, — дзеліцца Андрэй.
Паліна БЕРТАШ, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[4] https://zviazda.by/be/tags/padpracouka
[5] https://zviazda.by/be/tags/student
[6] https://zviazda.by/be/tags/studenckaya-padpracouka