Трагедыя разыгралася 27 верасня 1943 года. Карнікі раніцай акружылі вёску. Жыхароў выгналі на вуліцу і сабралі ў адным месцы. Затым адабралі 46 працаздольных чалавек ад 20 да 50 гадоў і павялі пад канвоем у вёску Лынтупы для адпраўкі ў Германію.
У Брусы карнікі прыгналі таксама жыхароў вёскі Лужы, хутара Гаць, што не паспелі ўцячы ў лес. Людзей сагналі ў хлеў і падпалілі, па тых, хто спрабаваў бегчы, стралялі і зноў кідалі ў агонь. Усяго згарэў 41 чалавек.
Помнік у памяць загінулых устаноўлены ў 1981 годзе і ўяўляе сабой скульптуру жанчыны на прадаўгаватым пастаменце, куды ўрэзаны блок з імёнамі ахвяр фашызму. Жанчына-маці ў абгарэлым адзенні нібыта выступае з полымя і абхапіўшы галаву рукамі, шле пракляцці нелюдзям.
На Мядзельшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны было спалена 68 вёсак, 63 з іх знішчаны цалкам, ахвярамі карнікаў сталі 183 жыхары.
Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помніка і ўшанавалі памяць землякоў хвілінай маўчання. Яны таксама заклалі ў капсулу зямлю з воінскіх пахаванняў, якую перадалі ў Мядзельскі музей народнай славы для часовага захавання.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus-pamyatae
[4] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyzvalennya-belarusi
[5] https://zviazda.by/be/tags/karniki