Т. В. Нікіціч з Бярозаўскага раёна пытаецца: «Ці праўда, што шаферам або шаферкай на вяселлі можна быць толькі адзін раз?»
У структуры беларускага традыцыйнага вяселля роля шафера і шаферкі была найбольш важкай на працягу ўсяго святочнага дзейства, пачынаючы ад выкупу нявесты. У некаторых рэгіёнах Беларусі менавіта старэйшаму шаферу давяралі кіраваць вяселлем. Ад яго ўмення гаварыць, жартаваць, ад яго ведаў абрадаў і рытуалаў залежала, наколькі ўдала пройдзе вяселле.
Вельмі негатыўна ставіліся да тых сябрукоў, якія за вясельным сталом забывалі пра свае абавязкі:
Звязалі дружка, звязалі!
А дзе ж яго паймалі?
Запіўся шафера, запіўся!
І на дружыну забыўся!
Такім чынам, сфармулюем некалькі рэгламентацый, якія датычыліся шафера і шаферкі. Дружак, шафераў або ганаровых сведак выбіралі з самых блізкіх сяброў. Пры гэтым неабходна ведаць, што такую ганаровую ролю на вяселлі можна выканаць толькі адзін раз у жыцці, каб потым своечасова стварыць сям'ю. У адваротным выпадку вы можаце нашкодзіць самому сабе — «застацца» шаферам назаўжды.
«Калі дзеўка ўжо была два разы дружкаю, то як яе просяць, то павінна адказаць, бо ўжо больш ніяк няможна», — неаднаразова чулі мы ад старых людзей падчас нашых экспедыцый.
Шаферам і шаферкай маглі быць толькі незамужнія / нежанатыя маладыя людзі, якія не маюць дзяцей. З'яўляючыся прадстаўнікамі адпаведна радзіны жаніха або нявесты, на вяселлі шафер займаў ганаровае месца каля жаніха, шаферка — каля нявесты: «Каля жаніха становіцца яго старшы шафер, каля нявесты — яе старэйшая шаферка, усе астатнія — ззаду».
На працягу ўсяго вяселля шафер і шаферка павінны быць звязвальным звяном паміж маладымі і ўдзельнікамі вясельнага застолля. Іх абавязак — ахоўваць маладых ад другасных кантактаў з удзельнікамі вяселля, дапамагаць у любых сітуацыях, садзейнічаць таму, каб маладых падчас вяселля ніхто не змог «раз'яднаць», няхай нават на некалькі хвілін.
І сёння жыццё падае нам нямала «неспадзяванак» у асобе нават самых блізкіх людзей, якія рознымі спосабамі могуць нашкодзіць маладым проста на вяселлі. Менавіта ад гэтага перасцерагалі нашы продкі: «Дружкі пільнуюць, уся дружына глядзіць, і маладая таксама ўвесь час асцерагаецца, каб з вянка, які аздабляе яе галаву, не адшчыкнуў хто-небудзь лістка руты, бо ў такім разе не зможа яна ўжо зберагчы ніводнага з тых дзетак, якіх ёй наканавана мець». Перасцерагчы маладых ад такіх сітуацый — непасрэдны абавязак шафера і шаферкі на вяселлі. «Калі пад вянцом у нявесты выпадае хусцінка, жаніх не павінен падымаць яе, іначай такі неасцярожны муж нядоўга пражыве». Падняць любы прадмет, які ўпусцілі нявеста ці жаніх, маглі толькі самыя блізкія да іх у гэты момант людзі, г. зн. шафер і шаферка, для якіх прадметы ці рэчы жаніха і нявесты, наадварот, абяцаюць хуткае замужжа або жаніцьбу.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК
Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-katovich
[2] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kruk
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/radzinnae