Прадстаўнікі абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў на чарговым пасяджэнні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў абмеркавалі стварэнне дадатковых умоў для ўдзелу ў выбарах асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Пра гэта паведамляе сайт ЦВК.
На пасяджэнні Цэнтральнай камісіі выступілі і прадстаўнікі Беларускага таварыства інвалідаў, Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, Беларускага таварыства глухіх.
— Безбар'ернае асяроддзе ж не ствараецца адмыслова пад выбары, гэта агульная гуманізацыя грамадства, — пракаментавала журналістам тэму пасяджэння старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. — У краіне павінны максімальна стварацца ўмовы для ўдзелу інвалідаў у грамадскім жыцці. Таму Цэнтральная камісія проста будзе прасіць, каб усе ўчасткі для галасавання ў асноўным размяшчаліся на першых паверхах, каб уваходы ў будынак былі абсталяваны пандусамі, калі гэта неабходна, каб ствараліся спецыяльныя месцы для галасавання інвалідаў-калясачнікаў.
Мясцовыя ўлады і выбарчыя камісіі забяспечаць дзяжурства валанцёраў, якія будуць дапамагаць выбаршчыкам з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, пажылым людзям. Грамадзяне, якія слаба бачаць, змогуць скарыстацца лупамі і трафарэтамі.
— Больш за 97 тысяч выбаршчыкаў у нас галасуюць па месцы знаходжання, — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі. — Да цяперашніх выбараў 76,4 працэнта выбарчых участкаў абсталяваны элементамі безбар'ернага асяроддзя. Акрамя таго, для галасавання інвалідаў-калясачнікаў будуць абсталяваны сталы з шырмамі на 687 участках.
Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Ражкоў расказаў пра сітуацыю на Гомельшчыне:
— У нас 1009 участкаў для галасавання. 691 з іх адпавядае патрабаванням безбар'ернага асяроддзя — гэта больш, чым было падчас папярэдніх выбарчых кампаній.
На пасяджэнні ЦВК былі таксама разгледжаны пытанні функцыянавання Інфармацыйнага цэнтра 17—18 лістапада 2019 года. Ён будзе арганізаваны ў будынку Палаца Рэспублікі.
Участкі для галасавання, утвораныя за межамі Рэспублікі Беларусь, пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання прыпісаныя да Купалаўскай выбарчай акругі № 95.
Нагадваем, што выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаны на 17 лістапада.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/vybary-2019