На Маскоўскай міжнароднай кніжнай выставекірмашы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XVI Міжнароднага конкурсу дзяржаўудзельніц СНД “Мастацтва кнігі”. Нашы суайчыннікі вярнуліся на радзіму з Гранпры конкурсу і дыпломамі.
Гран-пры конкурсу ўдастоена энцыклапедыя “Янка Купала” ў трох тамах, якая выйшла ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі”. У кнізе расказваецца пра жыццё і творчасць класіка беларускай літаратуры, зроблены аналіз усіх яго паэтычных, празаічных, публіцыстычных і драматургічных твораў. Адначасова энцыклапедыя раскрывае вобраз народнага песняра ў беларускім кіно і тэатральным мастацтве, жывапісе, літаратуры. Для замежных чытачоў будзе цікавым даведацца, што ў першым томе кнігі асобна вылучаны тэмы “Армянская літаратура і Янка Купала, “Англамоўны свет і Янка Купала”, “Азербайджанская літаратура і Янка Купала” ды іншыя.
Беларускія выданні атрымалі таксама першыя месцы ў васьмі з дзесяці астатніх намінацый конкурсу. У дзвюх намінацыях ім прысуджана другое і трэцяе месцы. Напрыклад, у намінацыі “Аддрукавана ў Садружнасці” быў высока ацэнены мастацка-паліграфічны ўзровень кнігі “Почтовые марки Республики Беларусь”. Кнігу “Беларусь. Путь в космос” прызналі лепшай сярод навуковых выданняў. Дыпламантамі конкурсу сталі дзевяць беларускіх кніг. Усяго на рахунку айчынных выдаўцоў 20 дыпломаў. Конкурс “Мастацтва кнігі” праходзіць з 2004 года. Сёлета на конкурсе было прадстаўлена 80 выданняў з 7 краін СНД: Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Туркменістана.
На XXXII Маскоўскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш Беларусь была запрошана ў якасці ганаровага госця. Беларускі павільён сёлета займаў самую вялікую плошчу — каля 222 квадратных метраў. Беларусы прадстаўлялі некалькі тысяч найменняў кніг. Сярод іх была мастацкая, навукова-папулярная, гістарычна-дакументальная літаратура, энцыклапедычныя даведнікі і навучальныя кнігі, маляўнічыя фотаальбомы і іншыя выданні.
Віта Зорына
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy