Позна ўвечары на аўтадарозе «Маладзечна-Нарач» у поле зроку экіпажа ДАІ трапіў мікрааўтобус «Volkswagen Transporter» белага колеру. Супрацоўнікі дарожнай міліцыі спынілі аўтамабіль для праверкі дакументаў, але як высветлілася пазней, тэм для размовы з кіроўцам у праваахоўнікаў аказалася нашмат больш, паведамляе МУС [1].
Кіраваў машынай 28-гадовы жыхар Маладзечна, індывідуальны прадпрымальнік. У ходзе праверкі дакументаў было ўстаноўлена, што на аўтамабілі не быў пройдзены тэхагляд. Вонкава мікрааўтобус моцна асеў пад цяжарам грузу, а знутры машына была пустая. Для далейшых разбораў кіроўца і аўтамабіль былі дастаўлены ў Маладзечанскі РАУС. Як высветлілася, не дарэмна.
У грузавым адсеку супрацоўнікі міліцыі выявілі самаробную схованку. Там кіроўца перавозіў 600 літраў 95-працэнтнага этылавага спірту. Алкагольная вадкасць транспартавалася ў 120 палімерных пластыкавых банках ёмістасцю 5 літраў кожная. Разбавілі асартымент кантрафакту 12 бутэлек гарэлкі «Нафта», не маркіраванай беларускімі акцызамі.
Па словах самога «спіртавоза», высакаградусны напой ён прывёз з Расіі для асабістых патрэб, да канчатковай кропкі маршруту - уласнай хаты - яму заставалася літаральна 1,5 км. Наколькі праўдзівыя такія тлумачэнні, у бліжэйшы час трэба высветліць праваахоўнікам.
Спасылкі
[1] https://minobl.mvd.gov.by/ru/news/1148
[2] https://zviazda.by/be/tags/alkagol
[3] https://zviazda.by/be/tags/zdarenne