Удзельнікамі мерапрыемства сталі вядомыя навукоўцы і распрацоўшчыкі сродкаў адлюстравання інфармацыі, студэнты, магістранты, аспіранты БДУІР. Адкрылі семінар рэктар БДУІР Вадзім Богуш і старшыня Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў Сяргей Гапоненка. Пра гэта паведаміла прэс-служба ўніверсітэта.
Сем вядучых навукоўцаў-практыкаў з ЗША, Германіі, Кітая, Вялікабрытаніі, Ганконга і Расіі прачыталі лекцыі аб апошніх тэндэнцыях і інавацыях у галіне развіцця дысплейных тэхналогій, а таксама падзяліліся практычнымі ведамі і навыкамі па рэалізацыі маштабных праектаў.
"Многія лічаць, што дысплеі распрацоўваюцца ў Азіі. Насамрэч гэта не так, - адзначыў прафесар Ганконскага ўніверсітэта навукі і тэхнікі, член Еўрапейскай акадэміі навук Уладзімір Чыгрынаў. — Многія ідэі, у прыватнасці, вадкія крышталі, першы вадкакрысталічны дысплей, упершыню былі вынайдзены ў Еўропе , але па розных прычынах там цяпер не вырабляюцца, а вырабляюцца ў краінах Азіі. Канферэнцыя EuroDisplay 2019 - яркі прыклад паспяховай інтэграцыі навукі і вытворчасці. Еўрапейскія спецыялісты маюць унікальную магчымасць прыцягнуць азіяцкіх спецыялістаў, якія змогуць укараніць еўрапейскія тэхналогіі ў вытворчасць".
Уладзімір Чыгрынаў адзначыў высокі навуковы патэнцыял і магчымасці, якія адкрываюцца ў Беларусі, а таксама цікавасць моладзі да інавацый. "Гэта асабліва актуальна для маладых людзей з вялікімі амбіцыямі. Іх амбіцыі і нашы патрэбы ў добрых спецыялістах -- выдатная камбінацыя".
Нагадаем, што на бягучым тыдні ў Беларусі ўпершыню праходзіць міжнародная канферэнцыя EuroDisplay 2019, арганізаваная Міжнародным таварыствам інфармацыйных дысплеяў (ЗША) і БДУІР. На дзелавой пляцоўцы ў Мінску сабраліся вучоныя, распрацоўшчыкі, вытворцы, спажыўцы сродкаў адлюстравання інфармацыі ( ад тэхналогій да гатовых прадуктаў) з усяго свету, у тым ліку ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая, Паўднёвай Карэі, Індыі, Польшчы, Расіі і Нідэрландаў.
Канферэнцыя “EuroDisplay”, якая традыцыйна праходзіла раз у два гады, стане штогадовай. Ужо ў 2020 годзе сусветныя эксперты ў галіне дысплейных тэхналогій сустрэнуцца ў Штутгарце (Германія).
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bduir
[2] https://zviazda.by/be/tags/dyspleynyya-tehnalogii