Учора на палігоне блізу вёскі Муліна завяршылася актыўная фаза сумеснага аператыўнага вучэння Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Шчыт Саюза — 2019». Злучэнні і воінскія часці на практыцы адпрацавалі пытанні па вядзенні баявых дзеянняў за ўтрыманне абарончых рубяжоў і стабілізацыі абстаноўкі, умовы якой змяняліся паводле задумы вельмі хутка. Яны адбілі ўдары сродкаў паветранага нападу. Быў высаджаны паветраны дэсант.
Вайскоўцы актыўна выкарыстоўвалі авіяцыю і беспілотныя лятальныя апараты. Ваенныя інжынеры прарабілі праходы ў мінных палях. Акрамя таго, была паспяхова фарсіравана водная перашкода.
Кіраўнік вучэння ад Беларусі, начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Алег Белаконеў падкрэсліў:
— Створана дынамічная абстаноўка, якая прымушае камандзіраў, камандуючых прымаць неардынарныя рашэнні ў самыя кароткія тэрміны. Мы сыходзім ад азбукі і пераходзім да дзеянняў, якія дазваляюць выконваць пастаўленыя задачы з найбольш высокай якасцю. Нягледзячы на тое, што ідзе моцнае радыёэлектроннае прыгнятанне, сістэма кіравання паказвае досыць высокую ступень устойлівасці.
Валяр’ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/shchyt-sayuza-2019