У аператыўна-дзяжурную службу Ленінскага РАУС г. Магілёва паступіла заява ад 17-гадовага жыхара горада, які сцвярджаў, што прыяцель выкраў перададзены яму залаты ланцужок коштам у тысячу рублёў.
Па інфармацыі УУС аблвыканкама, інцыдэнт адбыўся ў адным з гандлёвых цэнтраў горада, калі знаёмы папрасіў хлопца панасіць дарагое ювелірнае ўпрыгожванне, маўляў, каб зрабіць уражанне на дзяўчыну, якая яму спадабалася. Аднак пазычыўшы на час залаты ланцужок хлопец ужо не змог самастойна вярнуць яго назад: прыяцель пастаянна знаходзіў адгаворкі і сыпаў абяцаннямі. Страціўшы надзею разабрацца самастойна, магілёвец звярнуўся да праваахоўнікаў.
Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку Ленінскага РАУС г. Магілёва высветлілі абставіны здарэння, а таксама асобу хлопца, які забраў чужы ювелірны выраб. Ім быў 19-гадовы не працуючы раней не судзімы жыхар горада. Хлопец адразу ж занёс у ламбард ювелірнае ўпрыгожванне, а атрыманыя грошы выдаткаваў на свае патрэбы. На працягу некалькіх месяцаў абяцаючы прыяцелю аддаць яго ланцужок, ён ведаў, што аддаваць нічога не стане, аднак свядома цягнуў час, спадзеючыся, што прыяцель забудзецца пра ювелірны выраб.
За крадзеж хлопцу можа пагражаць пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ або штрафу, або папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/magilyou
[2] https://zviazda.by/be/tags/zdarenne