Кіраўнік дырэкцыі міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» Глеб Лапіцкі прэзентаваў новы праект. Яго рэалізуюць на пачатку наступнага года. Нагадаю, што традыцыйна фэст праводзяць у ліпені. Цяпер «міні-базар» будзе правіць бал і зімой. Цікавых задумак шмат.
Міжнародны фестываль-конкурс «Арт-парад у Віцебску» ўпершыню правядуць 8—10 студзеня 2020 года пры падтрымцы гарвыканкама.
Паводле слоў Глеба Лапіцкага, «Славянскі базар» — брэнд, вядомы ва ўсім свеце, таму прыехаць у Віцебск на творчую акцыю пажадаюць многія.
У конкурснай праграме будуць удзельнічаць творчыя калектывы і выканаўцы ва ўзросце ад 7 да 25 гадоў. Яны змогуць прадэманстраваць талент у вакальным і харэаграфічным майстэрстве. З канкурсантамі будзе працаваць творчая каманда дырэкцыі «базару», пачынаючы ад гукарэжысёра да харэографа...
Уладальнік галоўнага прыза ў кожнай з намінацый будзе гарантавана запрошаны выступіць на міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Таму, зразумела, стаць пераможцам конкурсу «Арт-парад у Віцебску» вельмі ганарова.
Цэнтральнай пляцоўкай дзеі стане канцэртная зала «Віцебск».
Задумана, што ўсё будзе «па-базарнаму». І гэта не толькі дасць магчымасць патэнцыйным удзельнікам «вялікага базару» прасякнуцца атмасферай самай маштабнай і яркай музычнай падзеі ў Беларусі, але і натхніць на перамогу ў нацыянальным адборы сваёй краіны, каб прыехаць у Віцебск у якасці канкурсанта. І канешне ж, вялікім плюсам будзе вопыт выступлення на адной з «базарных» пляцовак.
Падчас творчага выпрабавання ў складзе журы «Арт-парад у Віцебску» будуць пераважна пераможцы конкурсаў вакалістаў фестывалю. Галасаванне будзе адкрытае: адразу пасля выступлення суддзі выставяць балы.
Наогул, адна з мэт новага праекта — каб тыя, хто стаў знакамітым на «базары», дзяліліся сакрэтамі поспеху з пачаткоўцамі. Плануецца, што ў праграме будуць майстар-класы, творчыя сустрэчы, вечарынкі...
Дакладна вядома, што фестываль будзе мець фармат трохдзённага чароўнага зімовага мюзікла. І творчая казка надоўга запомніцца людзям розных узростаў і густаў. Пры гэтым арганізатары анансавалі інтэрактыўнае відовішча. Як гэта і што будзе дакладна — стане вядома падчас рэалізацыі задуманага.
Для ўдзелу ў праекце неабходна падаць інфармацыю пра сябе на адрас электроннай пошты: ARTparad.vіtebsk@gmaіl.сом. Заяўкі прымаюцца да 15 снежня.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/muzyka