Першы ў Беларусі дзявочы ВІА – “Чараўніцы” – адзначыў свой 45-гадовы юбілей. Свята прайшло на сцэне Палаца культуры Чыгуначнікаў у фармаце вялікага канцэрта “Чараўніцы назаўжды”. Прагучалі не толькі новыя песні, але і знаёмыя хіты: “Пах чабаровы”, “Зачараваная”, “Не за вочы чорныя” і іншыя.
Цікава, што стваральнікам жаночага ансамбля быў мужчына, Генадзь Лятынскі. У 1971 годзе музычны кіраўнік выбраў папулярную на Захадзе канцэпцыю гёрл-бэнда -- дзявочай групы, але не той, якая проста спявае, ансамбль таксама граў інструментах. У Савецкім Саюзе быў толькі адзін канкуруючы ВІА з цалкам жаночым складам – «Дзяўчаты» Усяслава Лаўрова. Розніца крылася ў гучанні: калі “Дзяўчаты” выкарыстоўвалі балалайку з акардэонам, то кіраўнік “Чараўніц” Лятынскі быў вялікім прыхільнікам джаза і джаз-року. Эстрадныя і народныя песні на беларускай мове ў джазавай аранжыроўцы набывалі сапраўды непаўторныя гучанне і каларыт. Менавіта гэта гучанне застаецца візітнай карткай ансамбля і сёння.
Павіншаваць калектыў з 45-годдзем прыйшлі паважаныя госці: першы намеснік міністра культуры Наталля Карчэўская ўручыла ансамблю ганаровую грамату Міністэрства культуры. Таксама ў дзень юбілею на сцэну разам з “Чараўніцамі” выйшлі сябры -- спявачкі Ядвіга Паплаўская і Ірына Дарафеева, група “Спадчына”, Яўген Курчыч, юныя мадэлі са школы моды ELEN fashion school.
Ядзвіга Паплаўская адзначыла, што “Чараўніцы” з'яўляюцца такім жа брэндам Беларусі, як “Песняры” і “Верасы”:
–У свой час у філармоніі вывешвалі спіс лепшых калектываў, і першыя радкі ў ім стабільна займалі “Песняры”, “Верасы” і “Чараўніцы”, якія прыносілі самы вялікі даход, за кошт чаго падтрымлівалася, у тым ліку, і акадэмічная музыка.
Разам з дзеючым складам на сцэну выйшлі і ранейшыя ўдзельніцы ВІА -- Надзея Мікуліч, дзякуючы якой у 2011 годзе пачалося адраджэнне калектыву, Людміла Навумовіч, Людміла Пасмурцева і Ганна Церахава.
– Былых «чараўніцы» не бывае! – падкрэсліла малады дырэктар і салістка калектыву Паліна Базылева.