Маладыя вучоныя Акадэміі навук ва ўзросце да 35 гадоў складаюць больш за 25% ад агульнай колькасці даследчыкаў.
Пра гэта паведаміў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір ГУСАКОЎ падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага пачатку новага навучальнага года ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў.
— Сёння ў НАН Беларусі створаны неабходныя ўмовы для паспяховай навуковай дзейнасці. Усе навучэнцы акадэмічнай магістратуры і аспірантуры, а таксама маладыя навуковыя супрацоўнікі забяспечаны жыллём, штогод праводзяцца розныя спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы. Апошнім часам значна актывізаваў дзейнасць Савет маладых вучоных, — адзначыў кіраўнік НАН.
Уладзімір Гусакоў паведаміў, што Савет аб'ядноўвае больш за 2500 маладых вучоных Акадэміі навук ва ўзросце да 35 гадоў, што складае звыш 25 % ад агульнай колькасці даследчыкаў. Ён адзначыў, што таленавітая моладзь знаходзіць падтрымку ўсіх сваіх пачынанняў.
— Сёння ў НАН Беларусі ёсць усё неабходнае не толькі для арганізацыі навуковых даследаванняў, але і для атрымання якаснай адукацыі дзякуючы шырокаму выкарыстанню сучасных адукацыйных тэхналогій, развіццю матэрыяльнай базы і інавацыйных праектаў, — заўважыў Уладзімір Гусакоў.
У новым навучальным годзе ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі пачалі вучобу 124 магістранты, якія будуць навучацца па 11 спецыяльнасцях. Усе яны выпускнікі вядучых ВНУ краіны — БДУ, БДУІР, БНТУ, БДЭУ, БДПУ і іншых. Сярод абітурыентаў, якія паступалі сёлета, найбольш запатрабаванымі аказаліся такія спецыяльнасці, як «мастацтвазнаўства», «эканоміка», «фізіка», «біялогія», «хімія». Выпускнікі дзённай бюджэтнай формы навучання падлягаюць размеркаванню і накіроўваюцца пераважна ў навуковыя арганізацыі НАН Беларусі. Навучанне студэнтаў на другой ступені вышэйшай адукацыі ў магістратуры ажыццяўляецца ў Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі з 2007 года.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] https://zviazda.by/be/tags/navuka