У партызанскі атрад добраахвотна прыйшоў нямецкі оберфрэйтар войскаў СС, кіроўца асобнай каманды 7А СД Ганзін Эрвін. Ён хацеў расказаць пра тое, як акупацыйныя ўлады спрабавалі схаваць сляды сваіх злачынстваў. Палонных, якіх эксплуатавалі на падобных аперацыях, расстрэльвалі, а ад нямецкіх салдат патрабавалі, каб яны нікому не прагаварыліся аб тым, у чым прымалі ўдзел. Але Эрвін быў упэўнены: такое нельга замоўчваць.
«Восенню 1943 года, падчас адступлення з Раслаўля да Бабруйска, наша каманда спынілася для адпачынку на некалькі тыдняў у вёсцы Лучын, недалёка ад Рагачова. Аднойчы прышоў гаўптшарфюрар Шцёрцынгер да мяне і загадаў падрыхтавацца да «вэтэрмельдунг». Я не меў магчымасці спытаць яго, што азначае гэтае слова....
Мы прыехалі ў прылеглы да горада Рагачова лес. На невялікай прагаліне, да якой прымыкалі могілкі, мы ўбачылі вялікую кучу дроў. Каля яе стаяла многа палонных, якіх ахоўвалі салдаты рагачоўскай групы СД. Гаўптшарфюрар Шцёрцынгер растлумачыў нам значэнне слова «вэтэрмельдунг». Гэта вынайдзены палітычнай паліцыяй псеўданім, за якім хаваецца акт спалення расстраляных у 1941—1943 гадах савецкіх грамадзян... Мы павінны былі ўтварыць вялікае кола, так званую загароду, з тым, каб ніводзін салдат ці мясцовы жыхар не мог назіраць за работай. Палонным загадалі раскапаць магілы. Пасля гэтага трупы выцягвалі і складвалі радамі. На пласт трупаў накладваўся пласт дроў, затым зноў трупы і так да той пары, пакуль не спустошылі тры магілы; там было каля 400 трупаў. Выцягнулі з магіл усіх, аблілі смалой і падпалілі... Мы стаялі ў ахове да таго часу, пакуль не згарэлі ўсе. Попел быў пагружаны ў грузавік і вывезены ў невядомым напрамку». А праз тыдзень гэта ж група зноў паехала ў Рагачоў, але ў іншае месца, недалёка ад лесапілкі. Тут магілы былі значна большыя. У той дзень было спалена больш за 1000 трупаў. «Усё гэта было прыкладна за месяц да выгнання нямецкіх войскаў з Рагачова.
Даследчыкам, якіх цікавіць гісторыя ўласнага краю, перш чым ехаць у Нацыянальную бібліятэку, Нацыянальны архіў ці музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, варта высветліць, якія дакументы яны могуць адшукаць на месцы. Напрыклад, інфармацыю пра выкрыццё сакрэтаў нямецкай «групы зачысткі» я знайшла ў Баранавіцкім краязнаўчым музеі — у газеце «Чырвоная звязда» за 28 красавіка 1943 года. У фондах установы захоўваецца падшыўка гэтага партызанскага выдання (органа Баранавіцкага абласнога камітэта КП(б) Беларусі). Выходзіла газета з красавіка 1943 года тыражом у дзве — дзве з паловай тысячы экзэмпляраў з перыядычнасцю 8—10 разоў на месяц на рускай і беларускай мовах. Усяго ва ўмовах падполля было выдадзена 112 нумароў газеты агульным тыражом больш за 230 тысяч экзэмпляраў. Рэдактарамі былі тады Старавойценка і Будай.
Таксама ў музеі захоўваюцца і іншыя партызанскія газеты, якія ў ваенныя гады выходзілі ў Баранавіцкай вобласці (у той час існаваў іншы адміністрацыйны падзел). Сярод іх выданні Баранавіцкага і Беластоцкага падпольных абкамаў ЛКСМБ «Молодой мститель» і «Молодой партизан», «За Родину» (орган Баранавіцкага гаркама), «Искра» (выдаваў Валожынскі падпольны райкам), «Народный мститель» (Казлоўшчынскі райкам), «Уперад» (Лідскі гаркам-райкам), «Савецкі патрыёт» (Ляхавіцкі райкам), «Смерть фашизму» (Любчанскі), «Сцяг свабоды» (Мірскі) «Звезда» (Навагрудскі райкам), «Вольная праца» (Слонімскі), «Голас селяніна» (Стаўбцоўскі), «Красное знамя» (Шчучынскі) і г. д. Таксама тут можна пабачыць багатую калекцыю ўлётак, выданні, якія траплялі на гэтую тэрыторыю з Вялікай зямлі, газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну», сатырычны лісток «Партызанская дубінка» і рукапісныя партызанскія газеты.
Двухногія звяры
Пад такой назвай вышлі ажно дзве паласы ў «Чырвонай звяздзе». Газета друкавала ліст відавочцы: «Сваё ўступленне ў горад Слонім нямецкія акупанты адзначылі масавымі расстрэламі мірнага насельніцтва. Немцы хацелі прымусіць жыхароў горада дэманстраваць сустрэчу гітлераўскай арміі хлебам-соллю. Але людзі, якія не сумелі сысці з горада, забраліся ў падвалы і склепы. Убачыўшы пустынныя вуліцы, гітлераўцы прышлі ў лютасць, яны хадзілі па дварах і расстрэльвалі ўсіх, каго ім удалося знайсці. Яны знішчалі цэлыя сем'і. На маіх вачах былі без усялякай прычыны забітыя сын інжынера Рыбінскага, сям'я рабочага друкарні Поразаўскага і многа іншых»... У артыкуле аўтар называе прозвішчы як ахвяр, так і катаў, якія чынілі забойствы. Ствараючы мясцовае гарадское «самакіраванне», немцы насаджалі ў яго ў першую чаргу сваіх шпіёнаў, а ў дапамогу ім давалі заўзятых крымінальнікаў і антысавецкі элемент... Уся гэта злачынная банда прайдзісветаў па ўказанні гестапа займалася вынішчэннем савецкіх людзей і ў першую чаргу служачых савецкіх устаноў.
Газета распавядае пра пагромы, падчас якіх былі забіты тысячы яўрэяў: «Нямецкія жандармы і паліцэйскія з раніцы да вечара шнарылі па яўрэйскіх кварталах. Дзяцей выкідалі праз вокны, былі выпадкі, калі іх жывымі разрывалі. Усіх яўрэяў сагналі на плошчу да вялікай сінагогі». Пасля «сарціроўкі» адпусцілі тых, хто працаваў у немцаў, астатніх збілі і павезлі на расстрэл. Некаторыя каты выбіралі з натоўпу дзяўчат, абяцаючы іх адпусціць, заводзілі ў кусты, а там гвалцілі і пасля забівалі.
На месцы расправы звар'яцела звыш 50 чалавек. Каля 8 тысяч чалавек было расстраляна... Пасля расправы каты дзялілі маёмасць пакараных. Лепшае немцы забралі сабе, а барахло аддалі сваім халуям.
Пасля знішчэння яўрэяў адбываліся масавыя забойствы беларусаў і палякаў, якія праводзіліся пад выглядам «аблавы на партызанаў». «Нямецкія салдаты, СД і паліцыя ўначы ўрываліся ў кватэры, абрабоўвалі іх, людзей забіралі. Частку з іх адправілі на нямецкую катаргу, другую — расстралялі. «Такая «акцыя на партызанаў» працягвалася немцамі з 12 да 23 снежня 1942 года. Падчас аблавы тысячы людзей былі расстраляныя каля вёскі Петраловічы і зарытыя ў тых жа магілах, у якіх зарывалі яўрэяў 29 ліпеня... У гэты ж час звыш 1200 юнакоў былі схоплены і адпраўлены на катаргу ў Германію...»
Такіх жахлівых сведчанняў у партызанскіх газетах, якія беражліва захоўвае Баранавіцкі краязнаўчы музей, безліч. Знаходжу тут звесткі пра масавыя забойствы, лагеры смерці (напрыклад, пра Азарычы), расправы над мірным насельніцтвам у вёсках. «Нямецкія мярзотнікі здзейснілі шэраг новых жахлівых злачынстваў у Баранавіцкай вобласці. Праводзячы карную экспедыцыю на Налібоцкую пушчу, фашысцкія каты абрабавалі, а пасля спалілі сем вёсак Юрацішкаўскага раёна, 26 вёсак Валожынскага раёна, 38 вёсак Івянецкага раёна, — пісала «Чырвоная звязда» 31 жніўня 1943 года. — Яны забілі і замучылі сотні дзяцей, жанчын, старых. Па няпоўных даных толькі ў 17 вёсках, дзе нямецкія каты спраўлялі крывавы баль, забіта і замучана 462 чалавекі. У вёсцы Доры Валожынскага раёна нямецкія звяры забілі 106 чалавек. З іх 26 былі загнаныя ў царкву і зажыва спаленыя».
30 чэрвеня 1944 года, напярэдадні вызвалення Беларусі, газета падвядзе вынікі, што ж акупацыйныя ўлады прынеслі нашай зямлі: «Страшныя даходзілі да нас весткі пра масавыя забойствы людзей, пра спаленне вёсак, разбурэнне гарадоў, пра вынішчэнне ўсёй беларускай культуры. Немцы назвалі Беларусь Мінска-Баранавіцкай акругай, беларусаў — беларутынамі. Яны адмовілі беларусам у праве называцца народам. Знішчалі школы, кнігі... Намеснік Гітлера люты кат Кубэ заявіў з усім уласцівым немцам нахабствам: «Буйныя гарады Беларутэніі — Мінск, Віцебск, Гомель, Магілёў — ператвораны ў руіны. Няма неабходнасці аднаўляць гэтыя гарады, бо горад псуе беларутына, таму што ён прывязаны да зямлі».
«Жалезны чалавек»
На канферэнцыі, прысвечанай аперацыі «Баграціён», што сёлета праходзіла ў Акадэміі навук Беларусі, гісторыкі параўналі партызанаў з сучасным кіношным нязломным персанажам «Жалезным чалавекам». Сапраўды, падчас Вялікай Айчыннай вайны партызаны наводзілі жах на праціўніка, і публікацыі ў партызанскіх газетах таму пацвярджэнне.
«Без малога два годы зверствуюць нямецкія грабіцелі на беларускай зямлі. Дорага абышліся нямецкім акупантам спробы прыдавіць да зямлі свабодалюбівы беларускі народ. За час вайны народныя мсціцелі Беларусі знішчылі больш 150 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў.
Дзе-б ні знаходзіўся беларус — на фронце, у партызанскім атрадзе, у тылу, — ён усюды гарыць адным жаданнем: знішчыць ашалеўшае фашысцкае звяр'ё, пазбавіць ад гэтай напасці родную Беларусь, — цытуе прамову народнага паэта Беларусі Якуба Коласа газета «Чырвоная звязда» (правапіс захаваны). — Як і падабае вялікаму і свабодалюбімаму славянскаму народу, беларусы самааддана змагаюцца за сваю свабоду і незалежнасць, за сваю нацыянальную цэласнасць і чэсць... Няхай уся наша зямля — ад Белавежскай пушчы да Прыдняпроўя, ад Брэста да Гомеля, ад Беластока да азёрнай Віцебшчыны — запылае пад нагамі ворага! Да помсты, браты славяне!...»
І зямля сапраўды гарэла — газеты паведамлялі пра ўзарваныя эшалоны і аўтамашыны, разгромленыя гарнізоны. Народныя мсціўцы адцягвалі на сябе ўвагу рэгулярных ваенных часцей. Напрыклад, у красавіку 1943 года адзін з партызанскіх атрадаў на Слонімшчыне вёў бой з буйной нямецкай вайсковай часцю. Немцы ўвялі ў дзеянне супраць партызанаў артылерыю, мінамёты, танкі. Але спроба акупантаў акружыць і знішчыць партызанскі атрад правалілася.
У баявых аперацыях праяўлялі сябе і юныя беларусы. Для моладзі арганізоўваліся заняткі па авалоданні зброяй і вядзенні баявых аперацый. У гэты час і дзяўчаты станавіліся не толькі медсёстрамі, часта хадзілі на «мужчынскія заданні». Знаходжу артыкул пра разведчыцу Аню, якая ўзарвала тры варожыя эшалоны, адну аўтадрызіну, спаліла некалькі мастоў і, выконваючы адно з баявых заданняў, прайшла па тылах ворага 260 кіламетраў. Дзяўчаты-партызанкі Баранавіцкай вобласці пасля агульнага сходу партызанскіх атрадаў у лістападзе 1943 года праз старонкі падпольных газет звярнуліся да сваіх равесніц, заклікалі дапамагаць партызанам, ратавацца ад вывазу ў няволю, дапамагаць бацькам хаваць ад немцаў хлеб і жывёлу.
Часам ворагі, каб скампраметаваць партызанаў, спрабавалі выдаваць за іх сваіх людзей, і газеты папярэджвалі, што марадзёрства, крадзяжы і забойствы — гэта справа рук немцаў і іх агентаў: «Выкрывайце нямецкіх шпіёнаў, паведамляйце пра іх камандаванню партызанскіх атрадаў»; пісалі, што «неабходна ўзмацніць масава-палітычную работу, не дапускаць ніводнага факта няправільных адносін да насельніцтва, сурова караць усіх, хто праяўляе грубасць да насельніцтва, хто кампраметуе званне савецкага партызана»...
Часта газеты друкуюць дзённікі нямецкіх салдат, каб паказаць, як іх «прынялі» на захопленых землях. «Рускія танкі сталі нашым кашмарам. 12-ы дзень яны не даюць нам ні абагрэцца, ні прыйсці ў сябе, ні адчуць сябе хоць на хвіліну зноў людзьмі, а не трусамі, за якімі гоніцца сабака... Рака не стрымала гэтых д'яблаў. Яны неяк пераскочылі яе... Кажуць, застрэліўся обер-лейтэнант Бурш. Што ж, яму можна нават пазайздросціць! Ён ляжыць цяпер спакойна, і яму не сняцца гэтыя рускія браніраваныя д'яблы»... Калі былі надрукаваны гэтыя запісы, ужо былі вызвалены многія населеныя пункты Беларусі. Мясцовыя жыхары выходзілі з сякерамі і рыдлёўкамі рамантаваць дарогі, масты, каб Чырвоная Армія магла хутчэй прасоўвацца наперад... І ў хуткім часе, 30 чэрвеня 1944 года, «Чырвоная звязда» паведаміць: «Зноў сцяг свабоды ўзняты над абласным цэнтрам Беларусі — Віцебскам, над буйным абласным цэнтрам — Магілёвам, над Жлобінам, над Оршай, над Шкловам, Быхавам, Халопенічамі, Клічавым. За адзін толькі ўчарашні дзень войскі Чырвонай Арміі занялі больш за 1150 населеных пунктаў Беларусі!»
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyzvalennya-belarusi
[4] https://zviazda.by/be/tags/partyzanskiya-gazety