6 верасня ў Мінску стартавала свята непаслушэнства і разбурэння рамак — міжнародны фестываль «ПЕРФОРМЕНСК», зладжаны групай мастакоў з Беларусі, Чэхіі, Расіі і Славакіі. Мэта ўжо другога сезона праекта — прадставіць беларускай публіцы работы маладых незалежных творцаў, якія працуюць у жанры жывога мастацтва (эксперыментальнага тэатра, перформанса, саўнд-арту), а ім самім — даць магчымасць абмяняцца ідэямі, натхніцца і стварыць прастору для далейшага супрацоўніцтва.
Фестываль разгарнуўся на некалькіх мінскіх пляцоўках: ва ўнутраных і знешніх прасторах музея-майстэрні Заіра Азгура і культурнага хаба ОК-16, дзе паралельна рэалізуюцца эксперыментальныя пастаноўкі і інсталяцыі. Асноўную праграму дапаўняюць мультымедыйныя спектаклі і перформансы малога фармату, выступленні гукавых мастакоў і музыкаў, а таксама адукацыйны блок.
Фармат «ПЕРФОРМЕНСКУ» — у адсутнасці фармату. Напрыклад, інтэрактыўная гульня ад Вялікага Цырка Няўдач дапускае ў пакой гледачоў толькі па адным, і кожнаму трэба прачытаць запіску са сваёй місіяй і самастойна разгадаць сакрэты тайнай суполкі. Лялечны аб'ектны монаспектакль «36 драматычных сітуацый» Ганны Раманавай, паказаны ў першы дзень фестывалю, камерны, ідзе ўсяго паўгадзіны і разлічаны максімум на 12 гледачоў. Затое праект «Фігуры», які сёння прадставіць у музеі-майстэрні Заіра Азгура хельсінкскае аб'яднанне кампазітараў і перформераў, уключае мноства дзеючых асоб і будзе доўжыцца ажно шэсць гадзін! Лекцыі, аўдыявізуальныя інсталяцыі, тэатралізаваная дзея пра апошні дзень на зямлі, нечаканыя лялечныя пастаноўкі і іншае мастацкае хуліганства, якое адбываецца перад гледачом проста тут і цяпер, завершацца вялікім і шумным канцэртам. Словам, калі душа просіць не класічнага сямейна-выхаднога праменаду на відовішчнае мерапрыемства, а чагосьці такога, каб разгарнуцца і згарнуцца назад, — вам менавіта сюды.
Вікторыя Захарава
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/festyval
[4] https://zviazda.by/be/tags/minsk