Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый Цзінь Ліцюнем.
Беларускі лідар адзначыў, што адносіны паміж Беларуссю і Азіяцкім банкам інфраструктурных інвестыцый толькі пачынаюцца. «Гэта старонка чыстая, там няма нічога станоўчага, бо гэта першыя крокі, але, на шчасце, няма і нічога дрэннага, — сказаў ён. — Таму мы поўныя рашучасці выбудаваць нашы адносіны так, каб гэта стала ўзорам для іншых».
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кіраўніку Банка за намер інвеставаць сродкі ў беларускую інфраструктуру. «Вы ведаеце, што Беларусь — гэта цэнтр Еўропы, транзітная краіна, і для нас вельмі важныя развітыя інфраструктурныя кірункі, перш за ўсё дарожная сетка, — паведаміў Прэзідэнт Беларусі. — У сувязі з гэтым вы цудоўна разумееце, што для сувязяў паміж Азіяцкім рэгіёнам, перш за ўсё, Кітайскай народнай рэспублікай і заходнім светам, Заходняй Еўропай, Беларусь становіцца досыць прывабным цэнтрам. Пэўныя напрацоўкі ўжо ў нас ёсць і па аўтамабільнаму, і па чыгуначнаму транспарту ў плане гандлёвых зносін — гэта таксама павінна ўзмацніць вашу цікавасць да Беларусі».
Кіраўнік дзяржавы падтрымаў намер Банка ўкласці інвестыцыі ў інфраструктуру беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку Вялікі камень. «Я таксама ведаю, што вы сур’ёзна займацеся пытаннямі гарадской гаспадаркі, энергетыкай — усё гэта ў Беларусі запатрабавана, і мы будзем прапаноўваць вам праекты, калі вы палічыце патрэбным у іх удзельнічаць, і будзем за гэта ўдзячныя, тым больш, што ўмовы, якія ваш Банк прапаноўвае, не горш за ўмовы іншых міжнародных банкаў», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён праінфармаваў субяседніка, што ў Беларусі вельмі шмат і ўласных сродкаў, і сродкаў еўрапейскіх фінансавых арганізацый, і Сусветнага банка апошнім часам укладзена ў развіццё дарожнай сеткі. «У нас засталіся дзве дарогі, якія пакуль недабудаваныя і не прафінансаваныя. Гэта дарога на поўнач — да Полацка, і дарога, якую мы плануем па поўдню, каб перахапіць паўднёвы кірунак, які ідзе з Расійскай Федэрацыі: Гомель — Брэст. Вось дзве такія дарогі, якія я асабіста мару пабудаваць у бліжэйшы час», — паведаміў спадару Цзіню Аляксандр Лукашэнка.
Рэканструкцыю дарогі ў кірунку Полацка Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый гатовы падтрымаць, на гэту тэму плануюцца перамовы з беларускім урадам. Прэзідэнт Беларусі прапанаваў Банку разгледзець і праект па паўднёваму транспартнаму калідору з тым, каб наша краіна мела магчымасць абраць лепшы з варыянтаў, які ёй прапаноўваюць розныя міжнародныя фінасавыя арганізацыі.
«А таксама пытанні энергетыкі, водаадвядзення, магчыма, рэнавацыі будынкаў для жылля нашых грамадзян... Увогуле, праблем, якія трэба вырашаць калі не сёння, то заўтра, шмат, і калі вы нас у гэтым падтрымаеце, будзем ўдзячныя вам і гатовы супрацоўнічаць», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Спадар Цзінь адказаў, што Банк удзячны Прэзідэнту Беларусі за падтырмку і магчымасць удзелу ў развіцці інфраструктуры краіны. «З таго моманту, як членства Беларусі было зацверджана ў нашым Банку, мы адчувалі вашу падтрымку і ўдзячныя за яе, — сказаў ён. — За апошнія два дні мы правялі шмат сустрэч з прадстаўнікамі Савета Міністраў, банкаў, у тым ліку Банка развіцця. І я ўражаны тым, наколькі людзі адданыя справе развіцця краіны».
Вельмі плённай назваў сустрэчу з Прэзідэнтам Беларусі кіраўнік Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый Цзінь Ліцюнь. «Мы абмяркоўвалі магчымасці нашага супрацоўніцтва і тую ролю, якую можа выканаць наш Банк у далейшым сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, — паведаміў ён журналістам. — Для нас будзе гонарам супрацоўнічаць з такой працаздольнай нацыяй. Наша каманда ўжо працуе над праектам па рэканструкцыі дарогі Р46, лічым, што ён вельмі значны».
Прэзідэнт Банка дадаў, што з пункту погляду геаграфіі Беларусь знаходзіцца ў стратэгічна важным месцы, яна з’яўляецца свайго роду мостам паміж Еўропай і Азіяй, таму развіццё яе транспартнай сістэмы выходзіць на першае месца. Ён расказаў, што яго ўразіла дынаміка развіцця беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», і што ў Банка ёсць пэўныя ідэі па ўдзелу ў развіцці парка, якія будуць абмяркоўвацца камандай фінансістаў больш дэталёва.
«Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы выказаў спадзяванне, што адносіны паміж нашым Банкам і Беларуссю стануць прыкладам для ўсіх. У мяне няма сумненняў, што так і будзе», — дадаў ён.
Да ведама:
Штаб-кватэра Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый знаходзіца ў Пекіне. 100 краін з’яўляюцца яго членамі і кандыдатамі на ўступленне. Самыя буйныя акцыянеры — Кітай, Індыя і Расія. Статутны капітал Банка складае 100 мільярдаў долараў.
Асноўная мэта Банка — садзейнічанне ўстойліваму эканамічнаму развіццю і паляпшэнню інфраструктурных сувязяў у Азіі шляхам ажыццяўлення інвестыцый у інфраструктуру і іншыя вытворчыя сектары эканомікі.
Прыярытэтныя кірункі фінансавання: энергетыка, транспарт, водазабеспячэнне і водаачыстка, гарадское развіццё і інфраструктура. Значную ўвагу плануецца надаваць праектам па абароне навакольнага асяроддзя.
Для нерэгіянальных праектаў прыярытэт аддаецца тым, якія прадугледжваюць развіццё гандлю з Азіяй (у тым ліку парты, транспартныя вузлы, генерацыю і перадачу энергіі, газавыя трубаправоды), а таксама стварэнне і развіццё ўстойлівай інфраструктуры (вытворчасць аднаўляльнай энергіі).
Умовы прыцягнення займаў Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый з’яўляюцца камфортнымі і супастаўляльнымі з умовамі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/bank
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[6] https://zviazda.by/be/tags/aziyacki-bank-infrastrukturnyh-investycyy