Міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню, прысвечаная барацьбе з тэрарызмам, пройдзе ў Мінску 3-4 верасня. У форуме «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій» будуць удзельнічаць прадстаўнікі больш чым 50 краін, расказаў падчас брыфінгу прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.
Арганізатары мерапрыемства — МЗС і Контртэрарыстычнае ўпраўленне Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Яно лагічна працягвае міжнародную сустрэчу высокага ўзроўню, якая адбылася ў Мінску пад эгідай АБСЕ ў кастрычніку мінулага года.
Амаль 60 дэлегацый на канферэнцыі будуць прадстаўляць звыш 50 краін і міжнародныя, няўрадавыя арганізацыі, акадэмічныя колы.
У ліку спікераў і гасцей мерапрыемства плануецца ўдзел кіраўнікоў міжнародных структур, якія адказваюць за бяспеку, — паведаміў Анатоль Глаз.
На форуме паспрабуюць выпрацаваць рашэнні на глабальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях па барацьбе з тэрарыстамі і тэрарыстычнымі групамі ва ўмовах большай даступнасці і росту складанасці тэхналогій.
Анансаваў Анатоль Глаз палітычныя кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Чылі, якія адбудуцца ў Мінску 3 верасня, і 27-е пасяджэнне ў Кіеве міжурадавай беларуска-ўкраінскай змешанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. «Украіна — важны для нас гандлёва-эканамічны партнёр. У 2018 годзе яна была на другім месцы сярод усіх гандлёвых партнёраў нашай краіны па аб'ёмах тавараабароту і экспарту», — падкрэсліў прэс-сакратар МЗС.
Плануецца, што на сустрэчы абмяркуюць сумесныя мерапрыемствы, у тым ліку Другі форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, запланаваны на 3-4 кастрычніка.
Чарговы раўнд беларуска-мангольскіх палітычных кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў адбудзецца 5 верасня ў Мінску. Бакі абмяркуюць актуальныя пытанні супрацоўніцтва, каардынацыю ўзаемадзеяння ў рамках міжнародных арганізацый, праблематыку міжнароднага парадку дня.
Адказваючы на пытанне аб чарговым пераносе даты падпісання пагадненняў аб рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, Анатоль Глаз адзначыў: «Як неаднаразова ўжо заяўлялася, мы з еўрапейскімі партнёрамі сумесна рухаемся да заключэння пагаднення аб спрашчэнні візавых фармальнасцяў і рэадмісіі. У цяперашні час неабходныя для падпісання працэдуры бакамі яшчэ не завершаны. Разам з тым мы па-ранейшаму зыходзім з таго, што нашы планы ў агляднай перспектыве ажыццявяцца».
Ён таксама паведаміў, што Беларусь не атрымлівала афіцыйнае запрашэнне літоўскага боку для ўрадавай дэлегацыі на цырымонію перапахавання астанкаў Кастуся Каліноўскага ў Вільнюсе.
Прэс-сакратар таксама патлумачыў журналістам, чаму на памятных мерапрыемствах у Варшаве да 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны Беларусь будзе прадстаўлена на ўзроўні пасла: «Яшчэ раз падкрэслю: менавіта ўсе, без выключэння, народы Савецкага Саюза зрабілі вызначальны ўнёсак у агульную перамогу над нацызмам. Вызваленне Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, канчатковы разгром нацызму на тэрыторыі Германіі сталі магчымыя дзякуючы гераічным намаганням усёй шматнацыянальнай Чырвонай Арміі. Гэта не памяншае ролі саюзных армій, але трактаваць інакш, падзяляць унёсак саюзных рэспублік у агульную перамогу, на нашу думку, мякка кажучы, як мінімум гістарычна няправільна. Пры гэтым у Варшаву не былі запрошаныя краіны Цэнтральнай Азіі, Казахстан, Расія». Разам з тым, улічваючы, што вайна з самага пачатку закранула тэрыторыю Беларусі, наша краіна прыняла рашэнне аб удзеле ў памятных мерапрыемствах.
Анатоль Глаз адзначыў, што тэма ваенных падзей свяшчэнная для беларусаў, і падзякаваў польскаму боку за запрашэнне.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/kanferencyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/baracba-z-teraryzmam
[5] https://zviazda.by/be/tags/minsk