У Краснапольскім раёне стартавала экалагічная ініцыятыва мясцовага фонду развіцця «Старт-Усход» «Зялёная эканоміка саду для будучага вёскі». Яна атрымала падтрымку на конкурсе экалагічных ініцыятыў, які праводзіўся летась.
З усёй краіны на яго паступіла 136 заявак. Але выбрана было ўсяго 11, у тым ліку і краснапольская. Мясцовы фонд развіцця «Старт-Усход» будзе рэалізоўваць яе ў партнёрстве з васьмю ўстановамі адукацыі Краснапольскага, Слаўгарадскага, Быхаўскага і Чэрыкаўскага раёнаў і дзяржаўнай прыродаахоўнай установай «Слаўгарадская «Блакітная крыніца». Адпаведна з праектам, да снежня 2020 года на тэрыторыі ўсіх гэтых раёнаў будзе створана сетка з 10 садаводчых гадавальнікаў, на базе якіх запрацуюць рэсурсныя цэнтры, дзе спецыялісты стануць навучаць удзельнікаў праекта, як з карысцю задзейнічаць пустуючыя прышкольныя ўчасткі і агароды грамадзян. Гэта ініцыятыва дапаможа рэалізаваць бізнес-планы 100 сем'ям — яны атрымаюць саджанцы для арганізацыі сваіх асабістых садоў і такім чынам змогуць палепшыць свае даходы.
Як адзначыла старшыня Краснапольскага райсавета дэпутатаў Анжаліка Гоман, у раёне ёсць станоўчы вопыт па рэалізацыі падобнага праекта і стварэння гадавальніка і саду пладова-ягадных і дэкаратыўных культур на базе Пачапоўскага і Казельскага вучэбна-педагагічных комплексаў. Гэтая дзейнасць дапамагла ўстановам палепшыць свой эканамічны стан і выхаваць у дзяцей цікавасць да работы на зямлі. Цяпер тут гатовы падзяліцца карыснымі парадамі з іншымі.
Ініцыятыва мясцовага фонду развіцця «Старт-Усход» рэалізуецца ў рамках праекта ПРААН «Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэння кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні» ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і фінансуецца Еўрасаюзам.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/krasnapolski-rayon
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekalagichnaya-inicyyatyva