Школьныя партфелі двайняткам-першаклашкам Яўгену і Ягору Мушкаўцам, якія сёлета пойдуць у школу № 15, уручыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.
Дарэчы, іх маці Таццяна Мікалаеўна выхоўвае чацвёра дзяцей. Раман пойдзе ў трэці клас, а Дзіяна — у пяты. Старэйшыя дзеці расказалі губернатару аб сваіх поспехах. У дзяўчынкі многа дыпломаў за выдатную вучобу, а хлопчык захапляецца футболам. Двайняткі ж падзяліліся, што ў шэсць гадоў ведаюць літары і ўмеюць лічыць.
Між тым дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы пасля нараджэння малодшых сыноў жанчына, якая працуе аператарам у аддзяленні паштовай сувязі № 48 Гомеля, атрымала трохпакаёвую кватэру. Уручаючы падарункі, Генадзь Салавей адзначыў, што дзецям трэба многаму навучыцца ў сваіх настаўнікаў.
Дабрачынная акцыя «Збяром партфель першакласніку» працягнецца да канца жніўня. У яе актыўна ўключыліся структурныя падраздзяленні аблвыканкама, установы аховы здароўя, арганізацыі і прадпрыемствы рэгіёна.
Па словах намесніка начальніка аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Наталлі Маркавай, да новага навучальнага года амаль тысяча маленькіх жыхароў вобласці атрымаюць партфелі з усім неабходным начыннем.
Матэрыяльная дапамога на 1,3 мільёна рублёў аказана больш чым 11 тысячам шматдзетных ці малазабяспечаных сем'яў, а таксама сем'ям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Не засталіся без увагі дзеці з апякунскіх і прыёмных сем'яў, інтэрнатных устаноў, дзеці-інваліды.
Усяго сёлета за парты на Гомельшчыне сядзе 156 тысяч дзяцей. З іх 17 тысяч — першакласнікі. Прынамсі, гэта на паўтысячы больш, чым летась.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/partfel-shkolnika
[5] https://zviazda.by/be/tags/gomelskaya-voblasc