Прамыя замежныя інвестыцыі з гэтай краіны за апошнія дзесяць гадоў выраслі ў 200 разоў. Кітай заняў трэцяе месца ў ліку нашых гандлёва-эканамічных партнёраў, адзначыла ўчора намеснік міністра эканомікі Беларусі Алена Пярмінава пасля цырымоніі завяршэння будаўніцтва першага жылога дома ў індустрыяльным парку «Вялікі камень».
Партфель тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая на сёння складае ўжо паўмільярда долараў і, па словах намесніка міністра, будзе расці. У прыватнасці, толькі з 2015 года ў рамках 12 праектаў Кітай выдзеліў нашай краіне амаль на 185 мільёнаў долараў тэхніка-эканамічнай дапамогі. «Ключавымі праектамі з'яўляюцца развіццё індустрыяльнага парку «Вялікі камень», будаўніцтва сацыяльнага жылля, студэнцкага інтэрната ў Мінску, а таксама тэрапеўтычнага корпуса Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы».
Кітайскія інвестыцыі накіраваны на будаўніцтва першай чаргі сістэмы электрыфікацыі індустрыяльнага парка і на рэканструкцыю рэчышча ракі Уша. Індустрыяльны парк першым у нашай краіне атрымаў міжнародны сертыфікат экалагічнага менеджменту і аўдыту, мае статус экагорада, у ім гарманічна спалучаюцца вытворчая, адміністрацыйная і жылая інфраструктуры. Для прыцягнення замежных інвестараў на тэрыторыі «Вялікага каменя» створаны лепшыя ўмовы для развіцця інавацыйных і экспартаарыентаваных вытворчасцяў.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/investycyi
[4] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika