18—22 верасня ў цэнтры асветніцкага, культурнага жыцця Заходняй Украіны — Львове — пройдзе чарговы, 26-ы па ліку, Львоўскі кніжны фестываль.
Асноўныя падзеі фестывалю — цырымонія ўручэння прэміі фестывалю, Ноч паэзіі, X Львоўскі бібліятэчны форум. Усяго ў праграме — 700 (!) мерапрыемстваў. Асобныя пляцоўкі — «Гістарычная літаратура», «Крэатыўная індустрыя і ўрбаністыка», «Украінская візуальная кніга», «Мова і пераклад» ды іншыя. У госці ў Львоў прыедуць пісьменнікі і выдаўцы з 33 краін свету. Па традыцыі ўдзел у прадстаўнічым выдавецкім форуме прымуць і беларускія кніжнікі.
Яшчэ, здаецца, зусім нядаўна паміж выдавецтвамі, пісьменніцкімі супольнасцямі, літаратурна-мастацкімі перыядычнымі выданнямі Украіны і Беларусі існавалі досыць трывалыя сувязі. Цяпер яны носяць больш фрагментарны характар. І ўсё ж, і ў беларускага, і ва ўкраінскага бакоў ёсць памкненні да развіцця прасторы сяброўства ў галіне кнігавыдання. Таму і едуць выдаўцы, паліграфісты на кніжны форум у Львоў.
— Безумоўна, мы таксама рыхтаваліся да львоўскага кніжнага форуму, — дзеліцца развагамі генеральны дырэктар паліграфічнага камбіната імя Якуба Коласа Ігар МАЛАНЯК. — Па-першае, на нашым паліграфічным прадпрыемстве ў перакладзе на беларускую мову выдадзена аповесць Уладзіміра Даніленкі «Сонейка маё, чорнае і калматае». Ведаю, што гэта ўжо не першая кніга вядомага ўкраінскага пісьменніка ў Беларусі. Будзем спадзявацца, што і не апошняя. Правядзём у Львове прэзентацыю кнігі. Пакажам на беларускім стэндзе і іншыя беларускамоўныя кнігі ўкраінскіх пісьменнікаў — Міхайлы Слабашпіцкага, Ірыны Данеўскай, Сяргея Жадана. Дарэчы, апошнім часам досыць часта і «Полымя», і «Літаратура і мастацтва» звяртаюцца да публікацый перакладаў украінскай паэзіі, украінскай прозы. Вось нядаўна ў літаратурным штотыднёвіку былі надрукаваны вершы маладых паэтак Прыкарпацця. Будзем рады і саміх аўтараў бачыць на стэндзе Рэспублікі Беларусь. Львоўскі кніжны фестываль уражвае цікавымі, па-сучаснаму аформленымі кнігамі многіх выдавецтваў Украіны. Мяркую, што абавязкова прыедзем назад з дамовамі адносна перакладу і выдання цікавых кніг украінскіх дзіцячых пісьменнікаў.
Чакаецца, што Львоў кніжны пазнаёміць гараджан і гасцей горада з армянскай пісьменніцай Марыям Петрасян, азербайджанскім літаратарам Эльчынам Сафарлі, індыйскім празаікам Арундаці Рой і шмат яшчэ з кім з цікавых, арыгінальных мастакоў слова.
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[6] https://zviazda.by/be/tags/lvou