Дзясяты раз пройдзе ў Беларусі нацыянальная філатэлістычная выстаўка «Белфіла». Сёлета яе з 4 да 8 верасня прыме Брэст. Прысвечана яна 1000-годдзю са дня першай згадкі гэтага горада ў летапісных крыніцах.
На выстаўцы будзе прадстаўлена 146 калекцый з 16 краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Бразіліі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Ірландыі, Казахстана, Літвы, Малдовы, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Украіны, Чэхіі. Наша экспазіцыя прадэманструе ўсе этапы стварэння паштовай прадукцыі ў Беларусі. Кваліфікаванае журы будзе ацэньваць 62 экспанаты.
Да адкрыцця Х Нацыянальнай філатэлістычнай выстаўкі беларуская пошта падрыхтавала паштовы блок, канверт Першага дня і спецыяльны штэмпель «1000 гадоў з часу першай пісьмовай згадкі Брэста», а таксама мастацкі маркіраваны канверт і памятны штэмпель «Х Нацыянальная філатэлістычная выстаўка «Белфіла-2019».
Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам паштовай сувязі «Белпошта», грамадскім аб'яднаннем «Беларускі саюз філатэлістаў». Гасцей чакаюць у памяшканні кінатэатра «Беларусь», які месціцца ў доме № 62 па вуліцы Савецкай.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/kantakt