Для іншагародніх студэнтаў першая цяжкасць пры паступленні ў інстытут зусім не сесія, а пошук кватэры. Гэта калі не далі інтэрнат, а такое здараецца нярэдка.
Наваспечаныя студэнты сталічных ВНУ пачынаюць уплываць на рынак арэнды жылля. Сярэдні ўзровень цэн у ліпені і жніўні ўжо адрэагаваў на сезонны ажыятаж. Традыцыйны рост попыту на арэнду кватэр у Мінску напярэдадні новага навучальнага года назіраецца трэці месяц запар. У параўнанні з першым месяцам лета колькасць запытаў па пошуку здымнага жылля павялічылася амаль на трэць, і гэтая тэндэнцыя мае ўсе шанцы на працяг.
Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі, сёлета выпускнікоў з 11 класаў на 5 % менш, чым годам раней, што павінна адбіцца і на ліку першакурснікаў. Магчыма, менавіта з гэтай прычыны па выніках ліпеня попыт на арэнду кватэр адставаў ад леташняга ўзроўню, паведамляюць спецыялісты партала RЕАLT.BY. Што мы маем цяпер?
Яркага дэфіцыту патрэбнага кватарантам жылля не назіраецца і актыўна «вымываюцца» толькі самыя бюджэтныя аб'екты. Колькасць свабодных кватэр за месяц нават трохі павялічылася. А вось дынаміка цэн на арэнду кватэр у Мінску аказалася станоўчай — падаражэлі ўсе тыпы кватэр.
На канец месяца сярэднія цэны арэнды кватэр у галоўным мегаполісе прыплюсавалі ад 1,1 % да 3,8 %. Так, цалкам «спакаваныя» аднапакаёвыя кватэры прапануюцца ў сярэднім за 268 долараў, двухпакаёвыя — 350 долараў, а трохпакаёвыя кватэры — 433 долары ў месяц. Апошні раз цэны былі такімі высокімі ў сярэдзіне 2015 года.
Рост цэн на арэнду кватэр склаў за апошні год 9—11 %, у той час як самі кватэры падаражэлі толькі на 4 %. За кошт адрозненняў у тэмпах росту цэн сярэдняя даходнасць ад здачы кватэр дасягнула адзнакі ў 6,1 %, што з'яўляецца максімумам за апошнія чатыры з паловай года.
Няхай дэфіцыт не зашкальвае, але кватэру студэнтам пашукаць давядзецца. Мы падрыхтавалі для іх некалькі парад.
Першае — спытаць у будучых аднагрупнікаў, ці не шукае хтосьці сабе суседа. Інфармацыйных варыянтаў дапамогі маса: тэматычныя рэсурсы і форумы, паблікі ў сацсетках, тэлеграм-каналы, дзе збіраюць свежыя прапановы з розных сайтаў і яшчэ шмат чаго.
Дарэчы, у некаторых універсітэтах вешаюць дошкі аб'яў, дзе жыхары навакольных дамоў размяшчаюць прапановы. Варта прыгледзецца: можа быць, і ў вас такая ёсць. Падчас ажыятажу з агенцтвамі звязвацца цяжка. Яны ж прапануюць адну кватэру на некалькі дзясяткаў чалавек, таму атрымліваецца гульня навыперадкі «хто першы дабег — той і зняў». А яшчэ інфармацыя пра кватэры часта не адпавядае рэчаіснасці. Кліентаў звычайна завабліваюць заніжанай цаной, а ў рэальнасці яна вышэйшая.
Упэўнена заяўляю, здымаць жыллё ў аддаленых раёнах сталіцы нават добра. Пачаткоўцам-іншагароднім так спачатку прасцей вывучыць горад. Да таго ж, пакоі і кватэры не ў цэнтры могуць каштаваць адчувальна танней. Акрамя таго, цэны на кватэры змяняюцца ў залежнасці ад сезона. Напрыклад, у канцы ліпеня і ў жніўні попыт на жыллё вырастае. Пік спадае дзесьці да канца лістапада. Да наступнага лета ўсё застывае на адным узроўні. Таму ці пажыві пару месяцаў у кагосьці і шукай варыянт потым, ці задумайся над пошукам кватэры загадзя.
Не варта баяцца доўгай дарогі на вучобу і дадому. На самай справе ў студэнцтве даволі шмат вольнага часу, плюс у дарозе можна нешта вучыць. Цяпер яшчэ можна знайсці пакоі за 200 рублёў у месяц (праўда, не ў самых зручных раёнах Мінска), але іх ужо мала.
Большасць уладальнікаў кватэр першапачаткова з асцярогай ставяцца да студэнтаў і наогул да адзінокіх людзей. Усе хочуць бачыць сваімі арандатарамі маладую сямейную пару. А астатнім бескватэрным жыць дзе?
Як жа знайсці паразуменне з гаспадаром такога патрэбнага жылля? Тут галоўнае не знешні выгляд, а ўменне пераконваць. Калі ты малады і самотны, без вечарынак не абысціся: на вуліцы збірацца холадна, а ў кафэ — пакуль дорага. Варта сумленна папярэдзіць гаспадароў, што госці будуць. Але ты гарантуеш чысціню і парадак. Увогуле, прыйдзецца пагаварыць па-даросламу. І паводзіць сябе гэтак жа. Не варта заводзіць коцікаў і сабачак цішком ад гаспадароў. Усё роўна заўважаць.
Такім чынам, ты знайшоў жыллё, якое выглядае прыстойна на фотаздымках і падыходзіць па цане. Далей трэба стэлефанавацца з гаспадарамі, каб паглядзець кватэру ўжывую. Калі пры знаёмстве арэндадаўца здаецца вам хоць бы крыху дзіўным — бяжыце. У будучыні гэтыя дзівацтвы могуць выявіцца ў дзвесце разоў мацнейшымі.
Бывае, класная кватэра засланяе вочы і зусім не ўнікаеш, які гаспадар чалавек, а гэта вельмі важна. Трэба адразу дамаўляцца пра распіскі і перавод грошай — лепш на картку, умовы магчымых рамонтаў-паляпшэнняў і гэтак далей. А то вось мой знаёмы зняў утульную кватэру, зрабіў там касметычны, але дарагі рамонт, а яго адразу папрасілі вызваліць памяшканне — у выніку ён прагарэў на досыць вялікую суму.
І яшчэ, калі на праглядзе падлашчваюцца і прама гатовыя «зніжачку зрабіць» — нешта нячыста. Чалавек, які здае кватэру, ведае, колькі каштуе яго кватэра, і не стане без прычыны апускаць цану. Гэта дакладна.
Аформіць «дружбу» з гаспадаром лепш на паперы. Гэта гарантыя і для цябе (што жыллё будзе пэўны перыяд і плаціць трэба фіксаваную суму), і для арэндадаўца (што ты не з'едзеш, будзеш прыносіць грошы, а да яго не завітае падатковая). Так спакайней усім. Але...
Афіцыйная рэгістрацыя паміж кватарантам і ўласнікам прадугледжвае, што гаспадар кватэры павінен плаціць падатак за свой прыбытак. Падатак залежыць ад колькасці пакояў у кватэры і ад месцазнаходжання дома. Напрыклад, штомесячны падатак за аднапакаёвую кватэру ў раёне першай эканоміка-планіровачнай зоны Мінска (найбліжэйшай да цэнтра) складзе 32,5 рубля. Другая зона прадугледжвае падатак 27 рублёў, трэцяя і чацвёртая — 23 рублі, а чацвёртая зона — 18,5 рубля. Гаспадары дамаўляюцца аб «кампенсацыі» гэтага падатку. Звычайна падатак дзеляць бакі з разліку 50 на 50, але абавязак выплаты падатку застаецца за ўласнікам.
У дагаворы трэба абавязкова зафіксаваць усе важныя моманты. Яны датычацца ўмоў вяртання закладу (калі ён ёсць), стану кватэры (мэблі, тэхнікі, рамонту) да твайго ўезду. Варта дамовіцца загадзя і пра тое, хто аплачвае камуналку. Калі гэта робіць гаспадар, прасі паказаць плацёжкі: былі выпадкі, калі яны штучна завышаліся. Ты аддаеш 40 рублёў, а рэальна арэндадаўцу патрэбныя толькі 30.
У аб'яве пішуць, якая добрая кватэра, але на практыцы — ідэальных практычна не бывае. Лепш загадзя падрыхтаваць спіс рэчаў, якія абавязкова трэба праверыць. Першае, гэта вокны. Ці не дзьме там з усіх шчылін, ці адчыняюцца рамы. Лепш, каб стаялі шклопакеты.
Другі па значнасці пункт — сантэхніка, асабліва бачок у прыбіральні. Не саромейцеся націскаць на ўсё і круціць краны, бо гэтым трэба будзе карыстацца. Потым ідзе бытавая тэхніка. Яе трэба дасканала праверыць, у якім яна стане: калі нешта зламанае, удакладні, ці ў курсе гаспадар, што так ужо было. Гэта важна зафіксаваць, каб потым не расплачвацца за чужую шкоду. І яшчэ, асобна трэба праверыць уваходныя дзверы. Пераканацца, ці не захрасаюць ключы, ці ўсе замкі надзейныя і працуюць. Калі ў цябе ёсць нейкія асаблівыя патрабаванні (ёсць алергія на спецыфічныя пахі), лепш адразу спытаць, ці былі дагэтуль на кватэры кошкі або іншая жыўнасць.
Не трэба думаць, што савецкая шафа ў пакоі прыкручана да падлогі. Яе можна і трэба перасоўваць. Калі хочаш прывезці сваю мэблю ці, наадварот, пазбавіцца ад часткі гаспадарскай — не саромейся пра гэта спытаць. Як правіла, уласнік будзе толькі за, бо хтосьці прывядзе іх жыллё ў парадак.
Зусім не абавязкова перафарбоўваць падлогу і сцены: тыя ж плямы на шпалерах можна замаскіраваць дэкаратыўнымі налепкамі або плакатамі. А працёрты ламінат або лінолеум выдатна маскіруецца недарагім дываном.
І апошняе. Студэнты, асабліва першакурснікі, павінны быць гатовыя з'ехаць у любы момант. Аднойчы сын маіх знаёмых адзначаў здадзеную сесію, ды так, што суседзі паскардзіліся гаспадарам. Апошнія прыехалі на наступны ж дзень і папрасілі яго хуценька з'ехаць, нягледзячы на заключаны дагавор. Потым яны дамовіліся на падаўжэнне тэрміну высялення на тыдзень, але кватэра была страчана. А калі б студэнты былі знаёмыя з суседзямі і папярэдзілі іх аб запланаванай гулянцы, то экстраннага высялення можна было б пазбегнуць.
Арэнда пакоя ратуе, калі не атрымалася знайсці суседзяў для кватэры. Але гэта яшчэ больш ненадзейны варыянт. Гаспадары не трымаюцца за цябе гэтак жа, як пры здыманні жылля цалкам, таму могуць папрасіць з'ехаць у самы нечаканы момант.
За колькі можна зняць кватэру ў Віцебску? У горадзе рэальна нядорага арандаваць нерухомасць на працяглы тэрмін, але для гэтага прыйдзецца праглядзець мноства варыянтаў. Да таго ж прапановы без пасярэднікаў абыходзяцца танней. Для эканоміі можна скарыстацца прапановай па падсяленні. Такія варыянты стартуюць са 100 рублёў у месяц.
Каб зняць менавіта кватэру, прыйдзецца выдаткаваць больш. Цэны на аднапакаёвыя кватэры стартуюць са 170 рублёў у месяц. Па такой цане будзе жыллё не вельмі добрай якасці. Сярэдні цэннік аднапакаёвай кватэры ў гэтым абласным цэнтры знаходзіцца ў дыяпазоне 270—280 рублёў. Праўда, нават прасторныя кватэры часам здаюць танней (245 рублёў), калі мэбля прысутнічае толькі часткова (толькі кухня). Даражэй за ўсё здаюць двухпакаёвыя варыянты ў новабудоўлях — за 425 рублёў у месяц.
За 280 рублёў у месяц здымуць двухпакаёвую кватэру дзве дзяўчыны-студэнткі, якія вучацца ва ўніверсітэце горада Гродна. Дакладней, хочуць зняць. Бо тут нават двухпакаёвыя «хрушчоўкі» без рамонту здаюцца на працяглы тэрмін мінімум за 300 рублёў. Праўда, калі пастарацца, то можна знайсці аднапакаёвы бюджэтны варыянт у межах 230—250 рублёў. Трохпакаёвыя апартаменты ў студэнтаў карыстаюцца мінімальным попытам. А каштуе такая кватэра мінімум 400 рублёў.
На рынку другаснай нерухомасці ў Гомелі на старонках каталога прадстаўлена больш за 560 кватэр, даступных для арэнды. Сярэдні кошт невялікай аднапакаёвай кватэры — у межах 150—250 рублёў у месяц. За 300—340 рублёў можна знайсці аднапакаёвую кватэру з добрым рамонтам. Калі трэба арандаваць двухпакаёвую кватэру ў гэтым горадзе, бюджэт павышаецца да 250—300 рублёў у месяц за жыллё з простым рамонтам. Нерухомасць з сучасным інтэр'ерам і новай мэбляй здаецца па цане ад 350 рублёў і вышэй.
У Брэсце ёсць прапановы па здачы асобнага жылля або на падсяленне. Апошні варыянт бюджэтны, часцей за ўсё яго выбіраюць студэнты і працуючая моладзь. Зняць пакой у Брэсце каштуе ад 100 рублёў за месяц. Арандаваць аднапакаёвую кватэру (маласямейку) або пакой у прыватным сектары з асобным уваходам, але без выгод, атрымаецца прыкладна за 140 рублёў. Паўнавартасная аднапакаёвая жылплошча з «бабулінай» мэбляй абыдзецца даражэй — ад 130 долараў. Сярэдні цэннік невялікай, але дагледжанай кватэры складае ад 160 да 180 «зялёных». Двухпакаёвыя кватэры прапануюцца за 180—200 долараў. А самая высокая арэндная стаўка ў Брэсце на трохпакаёвую нерухомасць — 470—550 рублёў.
На спецыялізаваным сайце Брэста сабраны сотні аб'яў аб здачы кватэр на працяглы тэрмін, але танней чым за 150 умоўных адзінак кватэры студэнтам ніхто здаваць не хоча. Рынак арэнды нерухомасці напоўнены разнастайнымі прапановамі: можна танна зняць частку дома на ўскраіне або знайсці дарагія апартаменты ў цэнтры горада.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] https://zviazda.by/be/tags/arendnae-zhyllyo
[5] https://zviazda.by/be/tags/arenda-zhyllya
[6] https://zviazda.by/be/tags/studenty