Паведамленне пра гэта паступiла ў мясцовы РАУС ад дачнiцы з вёскi Кульнева. Пажылая жанчына расказала, што хтосьцi ў ноч з 17 на 18 жнiўня на яе ўчастку пашкодзiў iгрушу. Зламыснiк не толькi абламаў галiны, але i пакiнуў побач свае сляды.
А ўжо вечарам яна на свае вочы ўбачыла, хто «дапамог» ёй сабраць ураджай. Пры гэтым малады мядзведзь анi не саромеўся ласавацца грушамi пры гаспадынi ўчастка. Жанчына спудзiла звера крыкамi i паведамiла пра тое, што здарылася, праваахоўнiкам. Яны, а таксама егеры паляўнiчай гаспадаркi «Чырвоны бор» абследавалi тэрыторыю, але мядзведзя так i не знайшлi.
Як расказалi ў Сакалiшчанскiм сельскiм савеце, нечаканага госця бачылi i вечарам 19 жнiўня. Ён прыйшоў у вёску з боку лесу, убачыў мясцовую жыхарку, стаў на заднiя лапы i пайшоў назад.
Рыгор ЯНУТА, вядучы навуковы супрацоўнiк сектара запаведнай справы навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусi па бiярэсурсах адзначыў, што для мядзведзяў яблыкi, iгрушы i iншыя фрукты i ягады, што растуць у садах у населеных пунктах i былых месцах пасялення чалавека, -- лёгкая здабыча, на атрыманне якой не трэба трацiць шмат сiл. А калi на полi побач з лесам сеялi, а потым сабралi збожжавыя, то гэтым людзi пазбавiлi жывёлу крынiцы харчу, таму яна i шукае яго ў iншых месцах. Такiм спосабам можа здабываць ежу i малады мядзведзь.
- Пры сустрэчы з любой дзiкай жывёлай - цi гэта мядзведзь, цi гэта здзiчэлы сабака - нельга ўцякаць ад яе, дэманстраваць агрэсiю. Наадварот, жывёла павiнна бачыць, што ёй нiчога не пагражае, - кажа вучоны. - Калi вы ўбачылi мядзведзя, неабходна павольна адыходзiць, стараючыся не паказваць свайго хвалявання. У лесе ад дарослага мядзведзя можна схавацца на дрэве - толькi медзведзяняты могуць добра лазiць па iм. Збiраючыся ў лес, адзявайце прыкметную вопратку. Гэта можа дапамагчы пазбегнуць нечаканай сустрэчы з драпежнiкам, якi будзе папярэджаны аб вашай прысутнасцi.
- Гэта малады, яшчэ неразумны мядзведзь, таму i выбраў такi спосаб пракармлення, - тлумачыць выпадак у Кульневе егер Аляксандр САМОЙЛЕНКА. -- Раней у нас гэтыя звяры таксама заходзiлi ў закiнутыя населеныя пункты, але у жылую вёску - упершыню.
Паколькi мядзведзь - жывёла, занесеная ў Чырвоную кнiгу, i агрэсiўнымi метадамi (з удзелам зброi) яго адганяць нельга, калi мiшка наведаецца зноў, магчыма, будуць выкарыстаны шумавыя спосабы. Пакуль план дзеянняў абмяркоўваецца.
Мiнпрыроды сумесна з навукоўцамi i грамадскасцю распрацавалi рэкамендацыi для насельнiцтва па паводзiнах пры сустрэчы з дзiкiмi жывёламi . Вось датычныя менавiта сустрэчы з мядзведзем.
Прыкметы агрэсiўна настроенага звера:
Вельмi верагодна, што звер цяпер кiнецца на вас, i гэта будзе вельмi iмклiва.
Веранiка КОЛАСАВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kolasava-1
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/rasonski-rayon
[4] https://zviazda.by/be/tags/myadzvedz