Веласіпедны рух у сталіцы актыўна развіваецца. З кожным годам аматараў гэтага віду транспарту становіцца ўсё больш. Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Міхаіл ПРАКАПЕНКА.
— Канцэпцыя арганізацыі веласіпеднага руху ў сталіцы і стратэгічны план па яе ўвасабленні дзейнічае да 2020 года. Затым плануюцца змяненні ў дакуменце, пры яго састаўленні будуць улічвацца грамадская думка, а таксама вынікі эксперыментаў, што былі праведзены ў горадзе. Напрыклад, можна сказаць аб праекце веладарожкі па вуліцы В. Харужай, дзе ўжо ёсць асобныя палосы ў абодвух напрамках руху. Магчыма, на сёння ён не самы дасканалы, але мы назіраем, як каментуюць такія новаўвядзенні гараджане, і імкнёмся хутка адрэагаваць, унесці карэктывы, калі патрабуецца, — паведаміў спецыяліст.
Працягласць магістральнай дарожкі ў сталіцы складае 27 кіламетраў, а сумешчаных агулам — 196. Супрацоўнік Мінгарвыканкама адзначыў, што яна з кожным годам будзе павялічвацца.
— Пры складанні стратэгічнага плана да 2021 года будзем уводзіць новыя праекты па развіцці веласістэмы. Па колькасці наведвальнікаў мерапрыемстваў для аматараў двухколавага транспарту можна ўбачыць, што іх з кожным годам усё больш, аднак дакладная лічба будзе агучана ў канцы гэтага года. Мы толькі за тое, каб гэты спорт развіваўся, — кажа Міхаіл Пракапенка.
Веласіпедны рух у горадзе выклікае не толькі пазітыўную рэакцыю. Цяпер у Мінску актыўна функцыянуе велашэрынг, аднак, як пракаментаваў начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму, з ім звязаныя некаторыя негатыўныя моманты:
— Сітуацыя неадназначная, мы сочым за ёй і працуем у розных кірунках па паляпшэнні такіх сэрвісаў. Час ад часу здараюцца выпадкі вандалізму або некарэктнай паркоўкі ровараў, гэта перашкаджае камфорту іншых. З'яўленне гарадскіх аператараў, а таксама арганізацыя фіксаваных велапарковак зможа сістэматызаваць велашэрынг.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[4] https://zviazda.by/be/tags/velasiped