Двое 5-гадовых дзяцей-двайнятак, хлопчык і дзяўчынка, адправіліся да свайго старэйшага 23-гадовага брата. Той быў заняты уборкай дома нябожчыка-дзеда і надаць належнай увагі маленькім гасцям не мог. Таму тыя вырашылі трохі пагуляць у двары. У іх поле зроку патрапілі пакеты са смеццем, якія ў гэты час выносіў брат з хаты.
“Рэвізоры” вырашылі праінспектаваць іх змесціва. Сярод іншага двайняткі знайшлі дзядулявы таблеткі, якія імгненна трапілі ў рот. Праз некаторы час дзеці адчулі недамаганне і адправіліся дадому да мамы, якая адразу ж заўважыла нядобрае. Распытаўшы дзяцей, жанчына даведалася пра знаходку лекавых прэпаратаў і іх ужыванне. Пасля чаго выклікала "хуткую". Дзеці былі змешчаны ў рэанімацыйнае аддзяленне Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы. Па інфармацыі УУС Брэсцкага аблвыканкама, зараз жыццю двайнятак нічога не пагражае, праваахоўнікі праводзяць праверку.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni
[2] https://zviazda.by/be/tags/tabletki
[3] https://zviazda.by/be/tags/atruchenne
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzeci