Суботні дзень мае быць насычаным колерамі кветак ды яблычным водарам. На Карэліччыне праспяваюць гімн яблыку, пакаштуюць прысмакі з гэтай садавінай і нават зробяць з яе сувеніры. А кветкамі тут упрыгожаць ровары ды іншыя рэчы, сплятуць вянкі і станцуюць кветкавы танец.
Аграгарадок Аюцавічы стане кветкавай сталіцай раёна. У 15 гадзін свята пачнецца каляровым шэсцем «Феерверк кветак». Далей гасцей чакаюць конкурсы на найпрыгажэйшы вянок, на самы маляўніча аздоблены кветкамі ровар, найлепшую фігуру з кветак і іншыя.
Дзецям пакажуць гульнявую праграму «Кветачка сяміколерная» і дазволяць ад душы памаляваць на асфальце. А дарослыя змогуць паўдзельнічаць у танцавальным флэш-мобе, набыць кветкавыя сувеніры і паслухаць святочны канцэрт.
А 17-й гадзіне раённыя забавы перанясуцца ў вёску Кожава Жухавіцкага сельсавета, дзе пройдзе «Яблычны фэст». Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Жухавічы» — адзіная ў раёне гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні яблык і мае 40 фруктовых гектараў.
Гасцей чакае тэатралізаваная праграма «Гімн яблыку», пляцоўка, дзе можна пабачыць «100 яблычных забаў», і яблычныя прысмакі. На свяце вызначаць найлепшага кулінара, які прыгатуе самую смачную і прыгожую шарлотку, і адшукаюць найлепшы яблыневы сад. Госці згуляюць у яблычныя шашкі, змайструюць на памяць сувенір з яблык і, вядома, пакаштуюць самыя розныя сарты жоўтых, чырвоных і зялёных фруктаў.
Падчас яблычнага фэсту ў вёсцы ўганаруюць пары залатых і сярэбраных юбіляраў, а таксама наймаладзейшага і найстарэйшага жыхара Кожава.
Бліжэй да вечара, пасля 20.00, свята перамесціцца на бераг мясцовага возера.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/festyval
[6] https://zviazda.by/be/tags/karelicki-rayon
[7] https://zviazda.by/be/tags/feerverk-kvetak
[8] https://zviazda.by/be/tags/yablychny-fest