Выстава гомельскіх мастакоў "Чатыры пакоі" адкрыецца ў галерэі "Універсітэт культуры" 19 жніўня, паведаміла [1] БЕЛТА дырэктар галерэі Марына Татарэвіч.
"Канцэпцыя экспазіцыі заключаецца ў праходжанні чатырох метамарфоз. У кожнай з залаў галерэі будзе прадстаўлена невялікая калекцыя твораў з розным тэматычным напрамкам. Наведвальнікі ўбачаць каля 100 жывапісных і графічных работ, а таксама прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва зусім розных па светаўспрыманні мастакоў, - расказала Марына Татарэвіч. - "Чатыры пакоі" пакажуць работы Таццяны Гершгорынай (пакой "Ілюзія сноў"), Святланы Каласковай-Чаплінскай ("Падарожжа"), Сяргея Каўрыгі ( "Дзевы - Рыбы - Пісталеты") і Аляксея Наважылава ("Зебра")".
Кожны з аўтараў прыйшоў да мастацтва сваім шляхам. Таццяна Гершгорына спачатку атрымала тэхнічную, а затым мастацкую адукацыю. З 2015 года - член Саюза дызайнераў Масквы, а з 2017-га - член Беларускай гільдыі майстроў і рамеснікаў.
Аляксей Наважылаў наведваў Гомельскую дзіцячую мастацкую школу. Служыў у Афганістане, пасля чаго працаваў будаўніком і пры гэтым увесь час маляваў.
Сяргей Каўрыга скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі), паралельна наведваў мастацкія студыі, курсы. Прымаў удзел у беларускіх і замежных выставах. Займаецца рэстаўрацыяй храмаў, напісаннем і рэстаўрацыяй абразоў. Захапляецца стымпанкам, стварае пано, свяцільні і аксесуары ў гэтым стылі.
Святлана Каласкова-Чаплінская скончыла мастацкую навучальную ўстанову Літвы - Каўнаскі тэхнікум прыкладнога мастацтва імя С. Жукаса, са студэнцкіх гадоў працавала актрысай Каўнаскага тэатра пантамімы. У Гомелі стала дызайнерам па шкле завода "Карал". У 90-я гады адкрыла студыю "Алегорыя". Цяпер працуе візажыстам.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/culture/view/amal-100-zhyvapisnyh-i-grafichnyh-rabot-gomelskih-mastakou-pradstavjats-u-minsku-80472-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/mastak
[3] https://zviazda.by/be/tags/gomel
[4] https://zviazda.by/be/tags/galereya
[5] https://zviazda.by/be/tags/mastactva