Жыла-была дзяўчынка Соня. Хадзіла ў дзіцячы садок, гуляла з хамячком, лялькай Анфісай і трошкі з бацькоўскімі нервамі. Капрызіла. А яшчэ хавала пад сваім ложкам... кракадзіла Мурзіка, карміла яго дамашнімі катлетамі і абмяркоўвала з ім складанасці стасункаў з бацькамі і сябрамі... Гэта не плод нашай бурнай фантазіі, а сюжэт зборніка іранічных апавяданняў «Дзяўчынка і кракадзіл» — першай дзіцячай кнігі пісьменніка Паўла Гушынца, якая летась выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда». Адразу скажам, што кніжка хутка разышлася, таму следам за ёй з'явілася другая — «Тата, раскажы пра мяне гісторыю». Увогуле, малады аўтар пачынаў з публікацый у інтэрнэце жыццёвых гісторый пра дактароў і ваенных (па адукацыі ён ваенны доктар), палюбіўся віртуальным чытачам і «матэрыялізаваў» найлепшыя гісторыі ў некалькіх зборніках... Магчыма, ён так бы і працягваў паказваць выключна «праўду жыцця», калі б не прымерыў новую для сябе ролю — ролю бацькі. Дачка Соня не хацела слухаць банальныя сюжэты пра Калабка і Чырвоную шапачку, таму Паўлу давялося падключаць фантазію і прыдумваць казкі самому. З цягам часу гісторый назбіралася столькі, што грэх было не падзяліцца імі з іншымі дзецьмі... Як паказалі шматлікія сустрэчы з чытачамі ў бібліятэках і кніжных крамах, творчасць аўтара «заходзіць» малым на ўра. Напэўна, Павел нядрэнна разбіраецца ў дзіцячай псіхалогіі, а таму мы вырашылі пагутарыць з ім не як з пісьменнікам, а як з бацькам дзяўчынкі Соні: пра ўзаемаадносіны ва ўласнай сям'і і асаблівасці выхавання.
— Павел, прызнайцеся: сюжэты для кніг «Дзяўчынка і кракадзіл» і «Тата, раскажы пра мяне гісторыю» ўзятыя з рэальнага жыцця вашай сям'і?
— Канешне, і кракадзіл сапраўды жыве пад ложкам і есць як не ў сябе! Жартую. Але ўсе гісторыі мне падказвала дачка. Адкуль узяўся кракадзіл? Давялося яго прыдумаць, каб дапамагчы Соні перамагчы страх цемры. Яна баялася, што ноччу з-пад ложка выпаўзуць павукі — страшныя, з касматымі лапкамі, — таму патрэбен быў хтосьці, хто б мог іх адолець. Нам здалося, што маленькі хатні «падложкавы» кракадзіл — ідэальная кандыдатура для гэтай справы. Праўда, яго ролю адыгрывае зялёны плюшавы бегемот... З невялікай часткі гісторый пра сяброўства Соні і кракадзіла і атрымалася кніга. У другім зборніку мы абышліся без гэтага персанажа. Ён сваю функцыю ўжо выканаў, можа ісці адпачываць.
— Соня баялася цемры, нехта баіцца ўколаў, нехта — адзіноты... Што могуць зрабіць бацькі, каб дапамагчы дзецям справіцца з гэтымі страхамі?
— Па-першае, трэба знайсці прычыну. Гэта ж не проста «я баюся». Што мяне палохае? Монстр, які жыве ў цемры? Ці тое, што там пустэча нейкая? Чаму я баюся ўколаў? Таму, што мяне пужае боль, ці таму, што цётка ў белым халаце надта падобная да нейкай здані з фільмаў жахаў? Гэта ж розныя рэчы. Соня баялася, што ў цемры хаваюцца павукі. Адпаведна, я прыдумаў героя, які абараняе яе ад гэтых павукоў. Калі б яна перажывала, што там пустэча і цемра, я напоўніў бы гэту цемру чым-небудзь. Тымі ж павукамі. Ці прывідамі, напрыклад. Спачатку высветліце прычыну, якая выклікала страх, і змагайцеся менавіта з ёй.
— З дапамогай прывідаў?!
— Ну, абыграйце сітуацыю, перавядзіце ўсё ў гульню. Дзеці гадоў да 8-9 вельмі вядуцца на такія штукі, іх лёгка зацікавіць, «пераключыць». Я не кажу, што гэта ўніверсальны спосаб: малыя розныя бываюць, у кагосьці, напрыклад, няўстойлівая псіхіка — тут патрэбныя іншыя метады. Але ў маім выпадку ўсё атрымалася, за 2-3 месяцы страх зусім знік, быццам яго і не было. Калі цяпер мая паненка і баіцца чаго-небудзь, дык хіба што накаўта на рынгу (дачка Паўла займаецца боксам і дзюдо. — Аўт.).
— Калі меркаваць па кнігах, Соня — даволі капрызлівая дзяўчынка, з характарам: то ў школу ісці не хоча, то кашу есці адмаўляецца, то хлопчыка надакучлівага паб'е... Як бацькам знайсці агульную мову з такім неспакойным дзіцем?
— Любіць яго. Я, напрыклад, люблю сваю капрызлівую, непаслухмяную дзяўчынку! Я прымаю яе такой, якая яна ёсць. Чуў такое выказванне: як бы вы добра ні ставіліся да дзіцяці, у дарослым узросце яму заўсёды будзе што расказаць на прыёме ў псіхолага. Таму не трэба заганяцца, не трэба неяк вельмі складана да выхавання падыходзіць. Проста прымайце ўдзел у жыцці сына ці дачкі. Станьце яму неабходным чалавекам, партнёрам, дарадцам. Я вельмі часта назіраю сітуацыі, калі бацькам дзеці быццам і не патрэбныя — прывядуць іх некуды, у пясочніцу ці ў забаўляльны цэнтр, і займаюцца сваімі справамі. А дзіця ж усё адчувае... Сонька прыбягае да мяне і кажа: «Тата, вось там вось гэта вось так, патлумач мне!» Я, канешне, думаю: «А ё-маё...» А ўслых кажу: «Добра, падыдзі, калі ласка, праз некалькі хвілін». І хуценька ў «гугл» лезу. Нават не трэба ісці ў бібліятэку і падымаць гару літаратуры. Адказалі на пытанне, растлумачылі ў агульных рысах, не пакінулі без увагі — і ўсё, вы аўтарытэт.
Праявіце шчырую цікавасць да інтарэсаў дзіцяці. Дачцы падабаецца рабіць караблікі з паперы? І вы навучыцеся! Сын захапіўся дыназаўрамі? Вазьміце кніжку па палеанталогіі, праштудзіруйце. Вас бесіць тое, чым дзіця займаецца? Змірыцеся. Не спрабуйце перанакіраваць яго на тое, што вам здаецца больш прыдатным. Калі я прыводзіў Соню на трэніроўкі, то бачыў хлопчыкаў, якія стаялі там і румзалі. А ўсё таму, што тата сказаў: «Мужык павінен прыйсці і займацца боксам!» А малы стаіць і плача. Можа, ён маляваць хоча. Навошта ламаць псіхіку дзіцяці?
Калі Соф'і было 5 гадоў, мы хацелі аддаць яе на танцы. Але яна катэгарычна сказала: «Я не буду сюды хадзіць». Нехта б, напэўна, праявіў цвёрдую бацькоўскую пазіцыю, пачаў «цягаць» малое туды: «Я ж на цябе час трачу!» Але калі я разумею, што мая дачка няшчасная... Дзіця праявіла сваю волю. Варта прыслухацца да гэтага «я не хачу сюды, мне тут дрэнна» і пайсці насустрач. «А што хочаш?» — «Хачу на дзюдо!» Ну і добра. А хадзіла б цяпер на танцы — пакутавалі б усе...
— Але ці можна ўсё дазваляць дзецям і заўсёды патураць іх капрызам?
— Тут трэба ўбачыць тонкую мяжу паміж «я хачу» і «я закатваю істэрыку». Вопытным шляхам. Гэта вельмі складана, і я не кажу, што сам умею гэта рабіць. Вось літаральна ўчора ўвечары мы глядзелі кіно, я такі: «Соня, на сёння хопіць, выключай камп'ютар!» А яна адказвае: «Не буду!» — «Чаму?» — «Не хачу!» І вось што гэта — капрыз? Ці я зайшоў на яе тэрыторыю? Канфлікт атрымаўся на роўным месцы, і я — прызнаюся шчыра — не змог граматна выйсці з яго. Потым сядзеў і думаў, як трэба было сябе паводзіць: напэўна, паспрабаваць неяк абыграць сітуацыю. Але я прыехаў з камандзіроўкі, стаміўся... У мяне не было на гэта сіл!
Увогуле, часцей за ўсё канфлікт узнікае ад таго, што тата або мама стаміліся. Ты прыйшоў з работы ніякі: замучыўся, пакуль план перавыконваў. А навошта той план? Начальнік табе, што, даражэйшы за дзіця? Атрымліваецца, што чужыя дзядзькі з зашмальцаванымі паперкамі важнейшыя за самага галоўнага чалавека ў тваім жыцці. Што за бязглуздзіца? Начальніку, канешне, гэта не растлумачыш, але трэба неяк навучыцца лавіраваць.
Найлепшы падарунак малому — увага дарослага. Вы самі потым будзеце перажываць з-за нейкіх страчаных магчымасцяў. Вось я шмат часу з Соняй праводжу, але ўсё роўна вельмі шкадую пра тыя моманты, калі быў не з ёй. Не разумею, як людзі ў адпачынак ездзяць без дзяцей. «Я хачу адпачыць ад яго». Як? Вы пра што? Не, я не вар'ят, які ўсюды бегае за сваім дзіцём. Але што ў вашым жыцці будзе цікавейшае за вашу дачку ці сына? Яны вырастуць — і ўсё, нават падлетку вы ўжо не патрэбныя будзеце. У вас ёсць 10, 11, 12 гадоў, якія можна правесці шчасліва для сябе. А потым — хіба што ўнукаў чакаць. На пенсіі вы будзеце ўспамінаць не пра тое, як план па продажах выконвалі ці машыну новую куплялі. Вы будзеце згадваць, як разам мячык у пясочніцы штурхалі і замак з пяску будавалі. Я ўжо цяпер толькі такія моманты і памятаю.
— Ёсць такая філасофія выхавання ў японцаў: да 5 гадоў ставіцца да дзіцяці як да бога, да 15 — як да раба, а пасля 15 — як да сябра. Я так разумею, ваша «тактыка» — заўсёды быць дзіцяці сябрам?
— От ужо гэтыя японцы... Ведаеце, мы з жонкай разышліся ў гэтым пытанні. Не наконт японцаў — наконт ролі бацькоў. У нашай сям'і тата — сябар. Мама ж катэгарычна супраць, яна лічыць, што тата павінен быць «уладай». Гэта значыць — прымушаць нешта зрабіць. У нашым доме ўсё наадварот: мама — больш жорсткі чалавек, а тата... Дайце падбяру літаратурнае слова... Памяркоўны! У таты не атрымліваецца прымусіць, у таты атрымліваецца ўгаварыць. Я сябар. Прычым часам нават малодшы сябар. Такі ў мяне стыль паводзін з дзецьмі.
Можа быць, гэта не зусім правільна — бацька павінен быць нейкім аўтарытэтам. Але лепш за ўсё — старэйшым таварышам, які дапамагае дзіцяці прымаць рашэнні. А калі малое яшчэ зусім маленькае — дае гэта рашэнне і стварае бачнасць таго, што дзіця прыняло яго самастойна. Вось гэта, пэўна, самы ідэальны варыянт — нейкім чынам накіраваць і падказаць. Таму што калі дзіця ў пяць-шэсць гадоў стане раўнацэнным партнёрам у сям'і, у яго адбудзецца істэрыка. Не можа быць такога, што тата, мама і малы сядаюць вечарам утраіх за стол, і тата сур'ёзна кажа: «Так, ну што, у якія акцыі будзем укладваць грошы? Падумай, сынок, бо калі не атрымаем даход, здадзім цябе ў дзіцячы дом!» Дзіця хай прымае рашэнні ў дробязях, а з нечым больш значным яму дапамогуць бацькі.
Але самае галоўнае і для мамы, і для таты, як я ўжо казаў, — праяўляць шчырую зацікаўленасць у жыцці дзіцяці. І, калі ласка,не адгароджвайцеся тэлефонам ці планшэтам. Да вас прыходзяць, прыносяць аркушык, кажуць: «Глядзі, тата, што я намаляваў!» А тата, засяроджана ўтаропіўшыся ў экран, мычыць: «Угу». А вы ўважліва паглядзіце на малюнак, ацаніце старанні. І няхай там нешта незразумелае, крывенькае, крыху сюррэалістычнае. «О, ты, напэўна, Сальвадор Далі!» — «А хто такі Сальвадор Далі?» — «А я табе зараз раскажу». Маленькаму чалавеку, які да вас звярнуўся, на гэты момант сапраўды важна пачуць ваша меркаванне. Вы ж сваім стаўленнем рыхтуеце падлетка, які альбо вырасце ворагам бацькам (а з падлеткамі і так складана), альбо захоча да іх прыслухоўвацца. Няхай і на 10 працэнтаў. Я спадзяюся, што Соня ў 14—15 гадоў будзе хоць трошкі дзяліцца нейкімі момантамі са свайго жыцця і прыслухоўвацца да таты. Я шчыра на гэта спадзяюся.
Алена КАРПЕНКА
Фота Кастуся ДРОБАВА і з сямейнага архіва
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-karpenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[5] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[7] https://zviazda.by/be/tags/vyhavanne