Асноўнымі тэмамі форуму «Мінскі дыялог — 2019», які адбудзецца 7-8 кастрычніка ў беларускай сталіцы ўжо другі раз і пройдзе пад назвай «Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані», стануць стратэгічная стабільнасць, кантроль над узбраеннямі і меры даверу ў галіне бяспекі, будучыня ЕАЭС, патэнцыял ініцыятывы «Пояс і шлях» ды іншае.
Пра асноўную задачу форуму расказаў прадстаўнік арганізатараў, дырэктар Савета па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог» Яўген Прэйгерман: «Пляцоўкі ва Усходняй Еўропе, а можа быць і шырэй, ва ўсёй Еўропе, дзе людзі гавораць не адно аб адным, а адно з адным і займаюцца не накручваннем напружання, якое існуе, а, наадварот, шукаюць кропкі судакранання, каб напружанасць зніжаць, па сутнасці, няма. Мы палічылі, што важна, каб такая пляцоўка была».
Працаваць удзельнікі форуму будуць у некалькіх фарматах: пленарных, інтэрактыўных сесій, вячэрніх панэляў, рабочых сняданкаў і партнёрскіх мерапрыемстваў.
Спікерамі форуму будуць вядучыя эксперты з усяго свету. Свой удзел ужо пацвердзілі экс-камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе генерал Бен Ходжас, экс-намеснік генеральнага сакратара НАТА Аляксандр Вершбоў, дырэктар Інстытута Еўропы РАН Аляксей Грамыка. Будуць і прадстаўнікі трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе.
Нагадаем, што на першым форуме «Мінскі дыялог» у маі 2018 года выступаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, а ў складзе ўдзельнікаў сустрэчы былі генеральны сакратар АБСЕ, намеснік памочніка генеральнага сакратара НАТА па палітычных пытаннях і палітыцы бяспекі. Летась мерапрыемства сабрала больш за 500 удзельнікаў з 59 краін свету.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/minski-dyyalog-2019
[4] https://zviazda.by/be/tags/europa
[5] https://zviazda.by/be/tags/forum