«Ужо некалькі гадоў мы не можам дачакацца, калі заасфальтуюць дарогу Н-9824 Засулле — Бярозаўка — Коласава, неаднаразова звярталіся наконт гэтага ў Стаўбцоўскі райвыканкам. Справа ў тым, што навокал знаходзіцца 48 дачных таварыстваў, у кожным з іх ад 70 да 400 участкаў. Калі ўлічыць мясцовыя вёскі, то на гэтай тэрыторыі пражываюць у летні перыяд каля 3000 чалавек. Гэта адзіная дарога, па якой можна даехаць да пунктаў прызначэння, збочыўшы з трасы М-1», — такі зварот са Стаўбцоўскага раёна атрымала рэдакцыя.
Заяўнікі сцвярджаюць, што калісьці дарога была падрыхтаваная для ўкладкі цвёрдага пакрыцця. Пра гэта сведчыць пясчаная падушка. Але рукі дарожнікаў так і не дайшлі да справы.
Па словах дачнікаў, на гэтай дарозе заўсёды ажыўлены рух, курсіруюць маршрутныя таксі, аўтамабілі, аўтакрама, штодня тут ездзяць на веласіпедах школьнікі, бегаюць малыя дзеці. Разам з тым адсутнічаюць «ляжачыя паліцэйскія», абазначаныя пешаходныя пераходы, асвятленне, крытыя прыпынкі з лаўкамі. Толькі на ўездзе ўстаноўлены знак абмежавання хуткасці для аўтатранспарту. Таму аўтамабілі могуць разганяцца да 100 кіламетраў у гадзіну, што небяспечна для пешаходаў.
Старшыня аднаго з дачных таварыстваў неаднаразова звяртаўся ў Стаўбцоўскі райвыканкам наконт асфальтавання аўтамабільнай дарогі. Але кожны раз атрымліваў адказ у вуснай і пісьмовай форме, што пры спрыяльных умовах надвор'я дарожнікі прафілююць дарогу і будуць гэта рабіць і ў далейшым.
Яе сапраўды грэйдзіруюць і раўняюць. Аднак, як сцвярджаюць аўтары ліста, на ёй зноў і зноў з'яўляюцца няроўнасці, выбоіны. Грамадзяне лічаць, што бюджэтныя сродкі траціць на латанне дарогі нерацыянальна. У сувязі з актыўным трафікам — па прыкладных падліках, да тысячы машын у тыдзень — дарога прыходзіць у ранейшы стан літаральна за некалькі дзён. Праблему можна вырашыць адзін раз і назаўсёды за кошт цвёрдага пакрыцця.
Як растлумачылі «МС» у камунальным унітарным прадпрыемстве «Мінскаблдарбуд», агульная працягласць дарогі Н-9824 Засулле — Бярозаўка — Коласава 8,25 кіламетра, у тым ліку 1,6 кіламетра заасфальтаваны, астатні адрэзак гравійны і стаіць на балансе КУП «Мінскаблдарбуд»-ДРБУ-135».
У краіне дзейнічае Дзяржаўная праграма па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог у Рэспубліцы Беларусь на 2017—2020 гады. Менавіта райвыканкамы фарміруюць спісы дарог на будаўніцтва, рэканструкцыю, капітальны і бягучы рамонт у рамках вылучаных на гэтыя мэты сродкаў. У першую чаргу бярэцца да ўвагі народнагаспадарчае і адміністрацыйнае значэнне мясцовых аўтамабільных дарог, іх эксплуатацыйны складнік. Згаданая вышэй дарога не ўключана ў пералік тых, якія патрабуюць правядзення першачарговых работ па асфальтаванні.
Членам дачных таварыстваў прапаноўвалася ўладкаваць дарогу шляхам прыватна-дзяржаўнага партнёрства з долевым удзелам. Такія прыклады ў Мінскай вобласці ёсць. Але людзі не пагадзіліся.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/staubcouski-rayon
[5] https://zviazda.by/be/tags/autadaroga
[6] https://zviazda.by/be/tags/asfaltavanne