Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі даў старт рэспубліканскаму праекту «Моладзь — за ўраджай!»
Традыцыйна ён праводзіцца ва ўсіх рэгіёнах краіны ў перыяд уборачнай кампаніі. Спаборніцтвы арганізуюцца сярод маладзёжных экіпажаў камбайнаў і маладых кіроўцаў, занятых на адвозцы збожжавых і зернебабовых культур. Пры кожным тэрытарыяльным камітэце БРСМ ствараюцца штабы, якія займаюцца пытаннямі, звязанымі з праектам і ўдзелам моладзі ва ўборачнай кампаніі.
Спаборніцтвы пройдуць у намінацыях «Маладзёжны экіпаж камбайнераў, які дасягнуў найбольшага намалоту» і «Малады кіроўца, што перавёз найбольшую колькасць збожжа». Пераможцамі стануць першыя экіпажы-тысячнікі і кіроўцы, якія занялі прызавыя месцы па выніках уборачнай кампаніі.
Тэхніку, на якой працуе моладзь, пазначаюць адмысловымі налепкамі «Маладзёжны экіпаж» і «Малады кіроўца». Ушанаванні лідараў з уручэннем пераможцам дыпломаў і вымпелаў праходзяць на палях. А іх бацькам накіроўваюць падзячныя лісты... Пераможцаў спаборніцтваў у кастрычніку запросяць на рэспубліканскі форум сельскай моладзі, дзе ўручаць каштоўныя падарункі.
Сачыць за ходам рэспубліканскага праекта «Моладзь — за ўраджай!» можна на афіцыйных інтэрнэт-рэсурсах БРСМ, а таксама ў групах маладзёжнай арганізацыі ў сацыяльных сетках пад хэштэгамі #молодежьзаурожай, #жатвабеларуси2019, #малаяродина.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/skarbonka-dobryh-sprau