Новая рубрыка часопіса «Маладосць» пад назвай «Адкоткі» — спроба альтэрнатывы ютубаўскім коцікам. Тут таксама яны, але жывёлы не смешаць, а нечаму вучаць.
Марго пабывала ў руках ветэрынара — цяпер ёй ніколі не зведаць радасці і смутку мацярынства. Таму яна раўнадушна назірае праз аконную шыбу за тым, як суседская чорная котка перацягвае цераз плот свой непаслухмяны вывадак.
Кацяняты пішчаць і працівяцца, брыкаюцца і валтузяцца між сабой. Толькі мама перацягне за карак першага і возьмецца за другога, як першы зноў падлезе ў шчыліну пад плотам, апынецца ў нашым гародзе і пачне кусаць яе хвост ды цягаць за вушы братоў і сястрычак. Усе чацвёра аднолькава пушыстыя і рудыя — і мы з Марго дакладна ведаем, хто іх тата.
Вялізнаму персу з кірпатай мордачкай і закручанымі вусамі не пашанцавала: ці то згубіўся, ці то выкінулі. З шыкоўнага і велічнага караля ён паступова ператварыўся ў пірата і разбойніка: адно вока, разадраныя вушы, перабітая лапа і выцвілая, з каўтунамі поўсць. Але і ў такім выглядзе былы кароль застаецца манархам: з абурэннем патрабуе на чужых ганках падаткі — рыбу і сасіскі, з пагардай дражніць з платоў ніжэйшую расу сабак, не дае праходу цераз свае ўладанні ніводнаму кату-чужынцу і лёгка даганяе любую котку-фрэйліну, на якую толькі ўпадзе позірк.
Нават мая храбрая каралева і тая асцерагаецца перса. Марго абыходзіць аднавокага за дваццаць крокаў, пакуль той адпачывае ў цяньку пад кустом парэчак, варушыць рудым хвастом і назірае за парадкам. Да шматлікіх сваіх нашчадкаў вялікай справы яму няма. Ляжыць паважна, як леў.
Мой муж таксама леў. Па гараскопе. І таксама любіць паважна паляжаць. Пад парэчкамі — менш, на канапе з пультам ці кніжкай — больш. З сынам асабліва не няньчыцца. Лічыць: усё, што мог, яму даў, у галаву ўклаў. Параду ці дапамогу сын атрымае, калі спатрэбіцца. Астатняму навучыцца сам, праз асабістыя шышкі, сінякі і граблі. Як усе. Інакш немагчыма.
А я? Я — львіца, ваўчыца і мядзведзіца! Рухаюся без шуму, бачу ў цемры, чую здалёк і не сплю начамі! Я — МАМА! Нават калі сабраць з ваколіц усіх клапатлівых котак і курыц-квахтух ды скласці іх на вагі, то і яны не пераважаць: сваё дзіцятка я перанясу цераз любы плот і ўсялякую лужыну. Расчашу, прыбяру і распраўлю хвосцік. Зашпілю гузікі і завяжу шнуркі. Прынясу ежу, падаткну коўдру і правуркачу калыханку. Знайду найлепшых сяброў і настаўнікаў. Расчышчу дарогу, змяту перашкоды і парву ворагаў.
Але чаму, чаму сын не цэніць гэта? Чаму больш цягнецца да таты і бавіць з ім час? Няўжо сам хоча цераз плот лезці? Хоча ўпасці і выпацкаць лапы? Што скажаш, Марго? Ад каго ж маё дзіцятка ўзяло розум і здаровы сэнс?
Котка пазяхнула і скруцілася на падваконні: «Ад цябе. Бацькаў у бацькі застаўся...»
Юльяна Пятрэнка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/drukuecca-u-maladosci
[4] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[5] https://zviazda.by/be/tags/pismennik