На 45-м міжнародным чэмпіянаце WorldSkіlls, які пройдзе з 22 па 27 жніўня ў Казані (Расія), беларуская каманда выступіць у 33 кампетэнцыях.
— Нашы ўдзельнікі прадэманструюць свае навыкі ў такіх кірунках, як тэхналогіі будаўніцтва, вытворчыя і інжынерныя тэхналогіі, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, транспарт і лагістыка, сацыяльныя і персанальныя паслугі, творчыя прафесіі і мода, а таксама ў трох новых кампетэнцыях кірунку Future Skіlls (прафесіі будучыні), — расказаў журналістам рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый ГАЛУБОЎСКІ. — Таксама мы будзем прадстаўлены і на чэмпіянаце юніёраў WorldSkіlls Junіor. Агульны склад каманды, уключаючы удзельнікаў, экспертаў, перакладчыкаў, афіцыйных асоб, — 83 чалавекі.
Спаборніцтвы сярод маладых прафесіяналаў пройдуць у 56 конкурсных кампетэнцыях. На сённяшні дзень у міжнародным некамерцыйным руху WorldSkіlls Іnternatіonal удзельнічаюць 79 краін, на тэрыторыі якіх пражывае 70 % насельніцтва зямнога шара. У Казані свае нацыянальныя зборныя выставяць 63 краіны, усяго плануецца 1,5 тысячы ўдзельнікаў. Да падзеі прыцягнуты 2 тысячы экспертаў і больш за 2,5 тысячы валанцёраў. Дзелавая праграма чэмпіянату абяцае быць вельмі насычанай: у яго рамках пройдзе саміт міністраў адукацыі краін — удзельніц руху WorldSkіlls Іnternatіonal, міжнародная канферэнцыя «Навыкі для перамен», выстаўка WorldSkіlls Kazan 2019.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/worldskills-0